Больш за 300 маладых даследчыкаў прынялі ўдзел у форуме навуковай моладзі «Шлях у навуку», які адбыўся 2 верасня 2021 года ў НАН Беларусі. Сярод іх прадстаўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, магістранты, аспіранты, вучнёўская моладзь. Мэта мерапрыемства, арганізатарам якога выступіў Савет маладых вучоных Акадэміі навук, - павышэнне эфектыўнасці і ініцыятыўнасці маладых вучоных пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама развіццё лідарскіх якасцей для рэалізацыі самастойных навуковых праектаў.
На спецыяльна падрыхтаванай выставе было прадстаўлена каля 70 новых распрацовак і тэхналогій. Свае дасягненні прадэманстравалі прадстаўнікі навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук, міністэрстваў і ведамстваў, БРСМ. На выставе можна было ўбачыць медыцынскія імплантаты з біясумяшчальнымі ахоўна-дэкаратыўнымі пакрыццямі, монакрышталі і аграненыя ювелірныя ўстаўкі са штучна вырашчанага ізумруду, прадукты харчавання функцыянальнага прызначэння, вырабы з паніжаным утрыманнем кухоннай солі ў тым ліку для дыетычнага прафілактычнага харчавання. Маладыя біёлагі прадставілі калекцыю насякомых, якая ўключае экзэмпляры як абарыгеннай, так і сусветнай фаўны матылёў.
Многія распрацоўкі дэманстраваліся ўпершыню. Так, ДП «НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» НАН Беларусі прадставіў трэнажор для падрыхтоўкі аператараў беспілотных авіяцыйных комплексаў (БАК). РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» Акадэміі навук прадэманстраваў замарожаныя і сухія канцэнтраваныя монавідавыя і полівідавыя закваскі на аснове лейканастокаў «Оптыма».
Форум навуковай моладзі «Шлях у навуку» гэта інтэнсіўны курс лекцый вядучых вучоных па арганізацыі навуковай дзейнасці ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Рэспубліцы Беларусь, публікацыі навуковых вынікаў, падрыхтоўцы і абароне дысертацый, кіраванні навуковымі праектамі.
У гэты ж дзень адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў, у якім прынялі ўдзел магістранты Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі.