Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.09.2021

Фестываль навукі – 2021 пройдзе ў Цэнтральным Батанічным садзе НАН Беларусі

11 верасня 2021 года (субота) з 11:00 да 19:00 у Цэнтральным Батанічным садзе НАН Беларусі адбудзецца цэнтральнае мерапрыемства Фестывалю навукі – 2021.

Арганізатар – Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Мэта навукова-папулярнага мерапрыемства – павышэнне прэстыжу навукі ў грамадстве, папулярызацыя дасягненняў беларускіх вучоных і сусветнай навукі, а таксама прыцягненне навучэнцаў і студэнтаў да правядзення навукова-даследчай дзейнасці.

Фестываль навукі ў Цэнтральным Батанічным садзе НАН Беларусі ў пачатку навучальнага года паспеў зрабіцца добрай традыцыяй і доўгачаканай падзеяй для многіх дарослых і дзяцей. У 2021 годзе магчымасцей дакрануцца да свету навукі і тэхналогій стане болей, бо арганізатары мерапрыемства пашыраюць геаграфічныя і часавыя рамкі Фестывалю навукі.

На выставе лепшых распрацовак вучоных НАН Беларусі госці фестывалю змогуць пазнаёміцца з разнастайнымі экспанатамі: ад артэфактаў з раскопак, праведзеных акадэмічнымі гісторыкамі-археолагамі, і рэдкіх насякомых, якіх вывучаюць вучоныя-энтамолагі, да беспілотнікаў і апошніх распрацовак у галіне электратранспарту.

Паспрабаваць самастойна правесці эксперымент можна будзе на пляцоўках майстар-класаў, якія будуць праводзіць вучоныя-мікрабіёлагі, сацыёлагі, батанікі, фізікі і генетыкі.

На Фестывалі навукі – 2021 будуць працаваць адразу 4 тэматычныя лекцыйныя пляцоўкі, назвы якіх інтрыгуюць. Так, на пляцоўцы «Экстрэмальная навука» можна будзе пачуць пра тое, дзе навука сустракаецца з небяспекай. У лекцыйнай зоне «Пакідаючы Зямлю» пагаворым пра тэхналогіі, якія спатрэбяцца на іншых планетах, а медыцынская лабараторыя SYNLAB Belarus прадставіць лекцыйную пляцоўку «Жыць вечна», у праграме якой лекцыі пра здароўе. Яшчэ адна лекцыйная пляцоўка будзе працаваць у фармаце бліца: кожная лекцыя доўжыцца 15 хвілін, за гэты час можна будзе даведацца пра энергетыку будучыні, 3D-біяпрынтынг, касмічную праграму Беларусі, міфы пра ГМА непасрэдна ад вучоных, занятых гэтымі даследаваннямі.

Насычаная праграма чакае дзяцей і падлеткаў. Свае майстар-класы прадставяць такія вядомыя праекты, як Умный Минск, StemLab, Алгоритмика, Молекула, Элементо, Экспириментус. Гасцей фестывалю чакаюць актыўнасці па прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах, праграмаванні і стварэнні альтэрнатыўных крыніц энергіі.

У мерапрыемстве прымуць удзел замежныя госці. Дзяржкарпарацыя «Росатом» прадставіць пляцоўку (200 кв. м.), прысвечаную атамным тэхналогіям Atom City з адукацыйна-забаўляльнымі актыўнасцямі, накіраванымі на папулярызацыю атамнай энергетыкі і дэманстрацыю разнастайнасці сфер прымянення атамных тэхналогій. Кожная актыўнасць будзе названая адным з аб’ектаў горада (пошта, музычная школа, акадэмія навук, арт-галерэя, дзіцячы сад і г.д.).

Усерасійскі Фестываль навукі NAUKA0+ прэзентуе Гіпермузей і пакажа фотавыставу «Здымай навуку».

Работа па папулярызацыі навукі разгорнецца і да правядзення фестывалю. З 6 па 10 верасня гасцей фестывалю чакаюць на сваіх пляцоўках вышэйшыя навучальныя ўстановы, музеі, школы робататэхнікі, лабараторыі НАН Беларусі. Можна будзе наведаць выставу мікраметэарытаў у планетарыі, музей кафедры нармальнай анатоміі БДМУ, лабараторыі Інстытута генетыкі і цыталогіі, адмысловую праграму ў Музеі музыкі і многае-многае іншае. З вялікага і разнастайнага спіса актыўнасцей кожны зможа скласці свой уласны каляндар навуковых падзей на тыдзень

У Батанічным садзе 11 верасня будзе працаваць фудкорт і дзіцячая зона.
Уваход для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту бясплатны.

Поўная праграма на сайце Фестывалю навукі – www.scifest.by