Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.09.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падтрымцы і прасоўванню маладзёжных ініцыятыў і інавацый

7 верасня 2021 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Падтрымка і прасоўванне маладзёжных ініцыятыў і інавацый».

Ад Акадэміі навук у мерапрыемстве прынялі ўдзел Іванец Андрэй Іванавіч, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, доктар хімічных навук, і Юрэцкі Станіслаў Сцяпанавіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі.

Супрацоўнікі Акадэміі навук адзначылі, што ў краіне створана і паспяхова функцыянуе комплексная сістэма работы з адоранай і таленавітай моладдзю ў навуковай сферы. У Акадэміі навук таксама дзейнічае цэласная сістэма, якая гарантуе шэраг магчымасцей для рэалізацыі найважнейшых і прыярытэтных распрацовак. Галоўнае – гэта падтрымка маладых вучоных і іх ініцыятыў. У цяперашні час у Акадэміі колькасць даследчыкаў ва ўзросце да 35 гадоў перавышае 30%. Акадэмія навук, усе яе арганізацыі ўсяляк садзейнічаюць навуковаму росту маладых вучоных. НАН Беларусі расшырыла спектр мер па падтрымцы маладых вучоных, заснаваўшы конкурс «100 маладых талентаў НАН Беларусі». Гэта прэміі імя выбітных вучоных: акадэмікаў Ж.І. Алфёрава, В.Ф. Купрэвіча і У.М. Ігнатоўскага.

Усе ўдзельнікі прэс-канферэнцыі ў сваіх выступленнях зрабілі акцэнт на стварэнні інавацыйнай структуры, якая дазваляе школьнікам, студэнтам і вучоным праз навучанне набыць навык для распрацоўкі і вытворчасці новых прадуктаў.