Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.09.2021

22-24 верасня 2021 года пройдзе IV Міжнародны навуковы семінар «Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы»

22-24 верасня 2021 года дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» праводзіць IV Міжнародны навуковы семінар «Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы».

Семінар праводзіцца пры ўдзеле Установы адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава». Для ўдзелу ў рабоце семінара заяўленыя даклады аўтараў з Беларусі, Расіі і Украіны, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі сфер навукі, адукацыі і аховы прыроды. Для ўдзелу ў рабоце семінара зарэгістраваныя 60 чалавек – вучоныя і спецыялісты ў галіне балотазнаўства, рэсурсазнаўства, экалогіі і аховы прыроды – прадстаўнікі 30 навуковых і навукова-вытворчых устаноў, вышэйшых навучальных устаноў, міністэрстваў, запаведнікаў, асноўных навуковых цэнтраў Расійскай Федэрацыі, Беларусі, Украіны, Азербайджана.
У сувязі з эпідэміяй COVID-19 было прынята рашэнне правесці гэты семінар у анлайн фармаце з выкарыстаннем платформы Zoom. Падчас работы семінара плануецца абмеркаваць вынікі даследаванняў біяразнастайнасці балот, разгледзець актуальныя пытанні класіфікацыі і картаграфавання балотнай расліннасці, маніторынгу, прадуктыўнасці, аднаўлення балотных экасістэм, практычнага выкарыстання балот і іх аховы. Вынікам работы семінара стане развіццё балотазнаўчай навукі ў Беларусі і абмен вопытам з замежнымі калегамі, актывізацыя інтэграцыі навукі і адукацыі, адкрыццё новых гарызонтаў для маладых вучоных, расшырэнне магчымасцей для атрымання грантаў у рамках розных конкурсаў.
Семінар будзе цікавы для балотазнаўцаў, батанікаў, спецыялістаў у галіне аховы прыроды, студэнтаў біялагічных спецыяльнасцей.
Па выніках работы семінара плануецца выданне зборніка: «Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы : матэрыялы IV Міжнароднага навуковага семінара» (22-24 верасня 2021 г., Мінск-Віцебск) / Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава. - Мінск : Колорград, 2021. – 148 с.