У навуковых арганізацыях НАН Беларусі праходзяць мерапрыемствы Фестывалю навукі – 2021. Школьнікі, студэнты, усе, хто цікавіцца навукай, наведваюць лабараторыі Акадэміі, сустракаюцца з вучонымі, знаёмяцца з апошнімі дасягненнямі. Сярод арганізацый – Інстытут генетыкі і цыталогіі, НПЦ па біярэсурсах, Інстытут гісторыі і інш.
З 6 па 10 верасня гасцей Фестывалю навукі чакаюць на сваіх пляцоўках вышэйшыя навучальныя ўстановы, музеі, школы робататэхнікі, лабараторыі НАН Беларусі. Кожны можа скласці свой уласны каляндар навуковых падзей на тыдзень з вялікага і разнастайнага спісу актыўнасцей.
Цэнтральнае мерапрыемства Фестывалю пройдзе 11 верасня 2021 года (субота) з 11:00 да 19:00 у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі. Арганізатар – Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Мэта навукова-папулярнага мерапрыемства – павышэнне прэстыжу навукі ў грамадстве, папулярызацыя дасягненняў беларускіх вучоных і сусветнай навукі, а таксама прыцягненне навучэнцаў і студэнтаў да правядзення навукова-даследчай дзейнасці.
У Батанічным садзе 11 верасня будуць працаваць фудкорт і дзіцячая зона.
Уваход для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту бясплатны.
Поўная праграма на сайце Фестывалю навукі – www.scifest.by.