Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.09.2021

11 верасня 2021 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбыўся Фестываль навукі – 2021

Мэта фестывалю, галоўным арганізатарам якога выступіў Савет маладых вучоных Акадэміі, – павышэнне прэстыжу навукі ў грамадстве, папулярызацыя дасягненняў беларускіх вучоных і сусветнай навукі, а таксама прыцягненне навучэнцаў і студэнтаў да правядзення навукова-даследчай дзейнасці.

На выставе лепшых распрацовак вучоных НАН Беларусі госці фестывалю змаглі пазнаёміцца з разнастайнымі экспанатамі: ад артэфактаў з раскопак, праведзеных акадэмічнымі гісторыкамі-археолагамі, і рэдкіх насякомых, якіх вывучаюць вучоныя-энтамолагі, да беспілотнікаў і апошніх распрацовак у галіне электратранспарту. Усе ахвотныя змаглі паспрабаваць самастойна правесці эксперымент на пляцоўках майстар-класаў, якія праводзілі вучоныя-мікрабіёлагі, сацыёлагі, батанікі, фізікі і генетыкі. На Фестывалі навукі – 2021 працавалі адразу 4 тэматычныя лекцыйныя пляцоўкі.

Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, Фестываль навукі ў Цэнтральным батанічным садзе дазваляе прадэманстраваць дасягненні вучоных у даступнай форме. «Гэта традыцыйнае свята, наша знакавае, брэндавае мерапрыемства. Тут прадстаўлены розныя навуковыя напрамкі, распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук, ВНУ, ёсць і замежныя госці. Фестываль цікавы і дзецям, і дарослым. Наведвальнікі ўсіх узростаў могуць пазнаёміцца з дасягненнямі вучоных, даведацца, як праходзяць навуковыя даследаванні і вопыты. Тут шмат новага, арыгінальнага, нязвыклага, мы стараемся не паўтарацца,  сказаў Уладзімір Гусакоў.  Мы ставім задачу паказаць наведвальнікам у даступнай форме, што уяўляе сёння навука, расказаць пра яе развіццё і дасягненні, абмаляваць перспектывы, паказаць, да чаго мы павінны імкнуцца. Космас, інфарматыка, машынабудаванне, нанатэхналогіі, медыцынскія, аграрныя і біятэхналогіі, гісторыя – усяму нададзена ўвага».

Галоўны вучоны сакратар, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Андрэй Іванец у сваю чаргу падкрэсліў: «Сёння не толькі Акадэмія навук, але і амаль усе буйныя ВНУ краіны прадстаўлены на фестывалі. Прыехалі і нашы калегі з МДУ, дзяржкарпарацыі “Расатам”. Вялікая зацікаўленасць назіраецца і сярод удзельнікаў, і сярод гасцей».
На свяце працавалі зоны для фота і інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей. Фестываль навукі праходзіў ужо трэці раз.