Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.09.2021

Міжнародны навукова-практычны семінар «Біяразнастайнасць грыбоў і лішайнікаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый»

29 верасня – 1 кастрычніка 2021 года дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» пры ўдзеле дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік» праводзіць Міжнародны навукова-практычны семінар «Біяразнастайнасць грыбоў і лішайнікаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый». Семінар прысвечаны 90-годдзю з дня заснавання Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.

Мэта правядзення семінара – ацаніць асаблівую ролю ахоўных тэрыторый у захаванні і даследаванні біялагічнай разнастайнасці грыбоў і лішайнікаў, пашырыць і замацаваць навуковыя сувязі паміж вучонымі акадэміі навук, супрацоўнікамі вядучых ВНУ і прыродаахоўных арганізацый Беларусі і сумежных краін шляхам навуковага супрацоўніцтва, абмену вопытам і распрацоўкі сумесных праектаў.

Падчас правядзення мерапрыемства будзе арганізаваны семінар-абмеркаванне прадстаўленых дакладаў, а таксама навукова-практычны занятак на тэрыторыі запаведніка, на якім удзельнікі будуць знаёміцца з прыродаахоўнай дзейнасцю, наведаюць асноўныя фітацэнозы запаведніка, дзе будзе праведзены збор матэрыялу і яго вывучэнне. На семінары таксама плануецца абмеркаваць магчымыя сумесныя праекты і перспектывы рэалізацыі сумесных грантаў.

Вынікам работы семінара стане кансалідацыя намаганняў, вопыту і ведаў вучоных і практыкаў па пытаннях ацэнкі эфектыўнасці абмежаванняў і забарон, устаноўленых у адносінах да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый для рэалізацыі мер па захаванні біялагічнай разнастайнасці грыбоў і лішайнікаў.

Для ўдзелу ў рабоце семінара зарэгістраваліся 35 чалавек з навукова-даследчых устаноў, ВНУ і прыродаахоўных арганізацый Беларусі, Расіі, Украіны і Турцыі.
Месца правядзення: ДПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік» (Віцебская вобласць, Лепельскі раён, в. Домжарыцы).