НАН Беларусі працягвае цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю Інбелкульта і 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі. 20 кастрычніка 2021 года (серада) у 15.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, трэці паверх, каб. 302) адбудзецца Круглы стол “100 гадоў беларускай нацыянальнай лексікаграфіі: ад Інбелкульта да сучаснасці”, прысвечаны 100-годдзю Слоўнікавай камісіі. Мерапрыемства прымеркавана да юбілею Інстытута беларускай культуры.
У лютым 1921 года пры Наркамаце асветы БССР была створана Слоўнікавая (навукова-тэрміналагічная) камісія, у задачы якой уваходзіла распрацоўка навуковай тэрміналогіі на беларускай мове і стварэнне першага нацыянальнага фундаментальнага акадэмічнага навуковага слоўніка. 30 студзеня 1922 года іменна на базе Слоўнікавай камісіі быў утвораны Інстытут беларускай культуры. «Слоўнік жывой беларускай мовы» грандыёзны лексікаграфічны праект пачатку ХХ стагоддзя, які мае вялізнае значэнне для сучаснай лексікаграфічнай практыкі.
Дзейнасць Слоўнікавай камісіі пакуль яшчэ не вывучана і не ацэнена ў поўнай меры. Яна патрабуе пераасэнсавання і папулярызацыі. На Круглым стале будзе разглядацца арганізацыя работы Слоўнікавай камісіі і этапы падрыхтоўкі да ўкладання слоўніка, што дазволілі атрымаць такія значныя вынікі. Асаблівая ўвага будзе скіравана на дзейнасць краязнаўчых арганізацый, характарыстыку іх удзелу ў зборы, апрацоўцы дыялектных матэрыялаў і падрыхтоўцы на іх аснове дыялектных краёвых слоўнікаў. Плануецца знаёмства з асобай і біяграфіяй Сцяпана Некрашэвіча і абмеркаванне пераемнасці паміж слоўнікавымі выданнямі Інбелкульта і сучаснымі працамі ў галіне нацыянальнай лексікаграфіі.
Запрашаем усіх жадаючых да ўдзелу ў Круглым стале!