24 – 25 лістапада 2021 года ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адбудзецца XIV Беларуска-расійскі навуковы семінар-канферэнцыя «Сучасныя праблемы кніжнай культуры: асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця», які традыцыйна праводзіцца пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук і яе Навуковага савета па кніжнай культуры, кнігавыданні і бібліятэках пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Арганізатарамі Міжнароднага форуму выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, ДНУ «Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі», Расійская акадэмія навук, ФДБУ навукі «Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука” РАН», Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і яго Дзелавы і культурны цэнтр.
У рабоце семінара-канферэнцыі прымуць удзел вучоныя і вядучыя спецыялісты з акадэмій навук, вышэйшых навучальных устаноў, музеяў, архіваў, бібліятэк Азербайджана, Беларусі, Расіі, Францыі, Чэхіі. Плануецца абмеркаванне шырокага спектра пытанняў, звязаных з развіццём кніжнай культуры, традыцыямі пісьменства, тэкставай камунікацыяй, гісторыяй кніжных і рукапісных збораў, бытаваннем рэдкіх выданняў. Сярод асноўных пытанняў у выступленнях дакладчыкаў – міждысцыплінарны дыскурс навукі пра кнігу; гіпертэкстуальнасць як тыпалагічная ўласцівасць кнігі; сімбіёз кніжнай і электроннай культур; сацыякультурныя наступствы трансфармацыі кніжнай культуры; кніжныя зборы ў гісторыка-культурным аспекце. Вучоныя таксама абмяркуюць уплыў глабалізацыі і мультыкультуралізму на розныя бакі развіцця кніжнай культуры і бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці, разгледзяць кніжную культуру як фактар фарміравання гістарычнай памяці; чытанне, у тым ліку лічбавае, і яго трансфармацыю.
Даклады ўдзельнікаў пройдуць у фарматах афлайн і анлайн.