25 лістапада 2021 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ Форуму вучоных дзяржаў-удзельніц СНД. У ім прымаюць удзел больш за 150 чалавек – кіраўнікоў і вядучых вучоных акадэмій навук і найбуйнейшых навуковых і даследчых цэнтраў СНД, уключаючы дэлегацыі ад Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана (у рэжыме анлайн) і Узбекістана.
Паралельна з Форумам праводзіцца IX пасяджэнне Савета па супрацоўніцтве ў галіне фундаментальнай навукі дзяржаў-удзельніц СНД.
Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, беларускія вучоныя на Форуме прадэманструюць свае дасягненні, госці з краін СНД таксама раскажуць пра свае вынікі. «Мы ўзаемадзейнічаем ва ўсіх галінах: ад касмічных даследаванняў да матэрыялазнаўства, аграрных праблем, машынабудавання. Надаецца ўвага і пытанням экалогіі, аховы прыроды. Беларусь развівае біятэхналагічную галіну, з’яўляюцца новыя распрацоўкі ў сферы электратранспарту, накапляльнікаў энергіі, так што будзем пашыраць супрацоўніцтва і ў гэтых напрамках. НАН Беларусі была і застаецца ўніверсальнай, мы працуем у розных сферах. Нашы дасягненні ацэньваюць па заслугах, да нас імкнуцца, пераймаюць вопыт», – падкрэсліў ён.
Правядзенне Форуму прадугледжана Планам прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД на 2021–2022 гады, прынятым на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД 6 лістапада 2020 года. Арганізатары мерапрыемства – НАН Беларусі і Выканаўчы камітэт СНД пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД.
Асноўныя мэты Форуму: актывізацыя і развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД, імпульс да ініцыявання новых сумесных даследаванняў, фармуляванне прапаноў па развіцці інавацыйнай палітыкі дзяржаў-удзельніц СНД, фарміраванне сістэмы міжнароднай мабільнасці вучоных і маладых спецыялістаў у прафесійнай суполцы дзяржаў-удзельніц СНД. Вучоныя правядуць падрабязны аналіз стану і перспектыў развіцця фундаментальнай навукі, выпрацуюць шляхі ўдасканалення навуковага супрацоўніцтва ў лічбавую эпоху.