25 лістапада 2021 года ў рамках правядзення ІІІ Форуму вучоных дзяржаў-удзельніц СНД пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка Сяргея Кіліна адбылося IX пасяджэнне Савета па супрацоўніцтве ў галіне фундаментальнай навукі дзяржаў-удзельніц СНД. Удзельнікі абмеркавалі актывізацыю супрацоўніцтва вучоных акадэмій навук і найбуйнейшых навуковых і даследчых цэнтраў СНД у галіне фундаментальных даследаванняў.
25 лістапада 2021 года адбыліся пасяджэнні трох Круглых сталоў. Круглы стол № 1, мадэратарам якога выступіў Сяргей Гапоненка, Старшыня навуковага савета БРФФД, дырэктар Выканаўчай дырэкцыі, акадэмік, быў прысвечаны тэме «Стан і перспектывы развіцця фундаментальнай навукі». Круглы стол № 2 «Удасканаленне навуковага супрацоўніцтва ў лічбавую эпоху» прайшоў пад кіраўніцтвам Аляксандра Тузікава, генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, члена-карэспандэнта НАН Беларусі. Мадэратарам Круглага стала № 3 «Інавацыйныя навуковыя даследаванні» выступіў дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый Ганчароў. Вучоныя правялі падрабязны аналіз стану і перспектыў развіцця фундаментальнай навукі, інавацыйных даследаванняў, выпрацавалі шляхі ўдасканалення навуковага супрацоўніцтва ў лічбавую эпоху.
Асноўныя мэты ІІІ Форуму вучоных дзяржаў-удзельніц СНД: актывізацыя і развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД, імпульс да ініцыявання новых сумесных даследаванняў, фармуляванне прапаноў па развіцці інавацыйнай палітыкі дзяржаў-удзельніц СНД, фарміраванне сістэмы міжнароднай мабільнасці вучоных і маладых спецыялістаў у прафесійнай суполцы дзяржаў-удзельніц СНД. Па рэзультатах работы Форуму была прынятая выніковая Дэкларацыя.