Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.11.2021

Вызначаны пераможцы акадэмічнага этапу праекта «100 ідэй для Беларусі»

25 лістапада 2021 г. адбыўся адборачны этап Рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі» сярод маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзел у ім прынялі маладыя вучоныя, аспіранты і магістранты НАН Беларусі.

Падчас правядзення адборачнага этапу была арганізавана прэзентацыя праектаў, а таксама прайшла выстава маладзёжных інавацыйных распрацовак. Усяго на суд аўтарытэтнага журы, у складзе якога першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук’янаў, было прадстаўлена больш за 30 праектаў.

Маладымі вучонымі Акадэміі навук былі прадэманстраваны найноўшыя распрацоўкі па самых актуальных напрамках развіцця навукі.
Так, у рамках рэалізацыі праекта «Індукцыйны дэфібрылятар» прапаноўваецца прынцыпова новае рашэнне для лячэння сардэчнай арытміі.
Чакаецца, што праект «Высокатрывалыя чыгуны з аўсферытнай структурай» дазволіць атрымаць чыгунныя адліўкі з высокім узроўнем механічных якасцей.
З мэтай папулярызацыі археалагічнай навукі і прыцягнення інтарэса да археалагічнай спадчыны Беларусі быў прадстаўлены праект па эксперыментальнай археалогіі «Сказ пра гліняны гаршчок».
Асобнай увагі заслугоўваюць распрацоўкі маладых вучоных, прысвечаныя далейшаму ўкараненню і выкарыстанню вынікаў сваёй навукова-даследчай дзейнасці, сярод якіх праекты: «3D-мясны прынтынг», які дазволіць за лічаныя хвіліны ствараць унікальныя натуральныя высакаякасныя мясныя вырабы; «Тэрмасіфоны – эфектыўныя цеплаперадавальныя ўстройствы», у рамках якога распрацаваны новыя тыпы тэрмасіфонаў, разгледжаны новыя магчымасці іх прымянення для электрамабілей.

Па выніках акадэмічнага этапу адабрана 20 інавацыйных праектаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для фінальнага этапу Рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі».

Згодна з палажэннем аб правядзенні Рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі», зацверджаным пастановай Бюро ЦК ГА «БРСМ» ад 25 верасня 2019 г. № 12, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць свой конкурсны адбор і арганізоўвае навучанне ўдзельнікаў праекта для чацвёртага (фінальнага) этапу.
«100 ідэй для Беларусі» – Рэспубліканскі маладзёжны праект «БРСМ», асноўная задача якога заключаецца ў актывізацыі інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнні і прасоўванні канкрэтных інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак.