Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.12.2021

Пярвічная арганізацыя БСЖ Акадэміі навук правяла акцыю «Нашы дзеці»

23 снежня 2021 года пярвічная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі далучылася да Рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

На ўрачыстасць у Акадэмію навук былі запрошаны сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, хворых на фенілкетанурыю. Са словамі віншаванняў і добрых пажаданняў да гасцей звярнуліся Юлія Качурка, якая ўзначальвае пярвічную арганізацыю БСЖ, начальнік Упраўлення навукова-арганізацыйнай і прававой работы апарата НАН Беларусі, Алена Маргунова, намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў харчавання НПЦ НАН Беларусі па харчаванні. Усім гасцям былі ўручаны падарункі ад НПЦ НАН Беларусі па харчаванні – наборы спецыялізаваных безбялковых прадуктаў харчавання. Бацькі хворых дзетак выказалі гарачыя словы ўдзячнасці за тое, што вучоныя аказваюць дапамогу такім сем’ям і не пакідаюць без увагі іх праблемы.

Госці наведалі музей гісторыі НАН Беларусі, а напярэдадні сем’і пабывалі на вытворчасці падораных ім прадуктаў.

Як вядома, адзін з напрамкаў, якім займаецца цэнтр, - стварэнне спецыялізаванай прадукцыі для пэўнай катэгорыі насельніцтва, якой патрабуюцца спецыяльныя дыеты. Адна з апошніх распрацовак – прадукты харчавання для хворых на фенілкетанурыю. Арганізавана і спецыялізаваная вытворчасць.

Фенілкетанурыя – спадчыннае захворванне, пры якім парушэнне абмену амінакіслот прыводзіць да іх намнажэння ў клетках арганізма. У Беларусі налічваецца каля 1 тысячы хворых на фенілкетанурыю, трэць з іх – дзеці. Для паспяховага дзеяння лекавых прэпаратаў у людзей з гэтым захворваннем патрабуецца жорсткае планаванне і абмежаванае ўжыванне бялковай ежы.


Тэгi
#акцыі