11 студзеня 2022 года ў НАН Беларусі адбылася дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні Праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва Акадэміі навук, аддзяленняў навук, структурных падраздзяленняў апарата НАН Беларусі, дырэктары і прадстаўнікі навуковых і грамадскіх арганізацый, вядомыя вучоныя, маладыя даследчыкі.
Як падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў, «у аснове праекта абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – просты чалавек, яго стан у грамадстве, яго гарантыі, яго жыццё. Ад новага закона залежыць будучае нашай краіны, залежыць наша з вамі жыццё». Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу прысутных на неабходнасць падрабязна ўнікнуць у нюансы прапанаваных новаўвядзенняў, правесці аналагічныя сустрэчы ў калектывах для таго, каб людзі прынялі рашэнне на хуткім рэферэндуме. Старшыня Прэзідыума асабіста ўнёс канкрэтныя прапановы ў цэлы шэраг артыкулаў.
Абмеркаванне прапанаваных змяненняў у грамадска-палітычным жыцці краіны прайшло ў жывой дыскусійнай абстаноўцы з вынясеннем канкрэтных прапаноў. Кіраўнікі арганізацый таксама агучвалі заўвагі і прапановы, якія паступілі ад супрацоўнікаў у ходзе абмеркавання абноўленай Канстытуцыі. З канкрэтнымі прапановамі выступілі: намеснікі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікі Аляксандр Кільчэўскі, Сяргей Кілін, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў акадэмік Аляксандр Каваленя, акадэмік Пётр Віцязь, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Васілій Гурскі, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакотка, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, кіраўнікі структурных падраздзяленняў апарата НАН Беларусі, прадстаўнікі навуковых арганізацый.
Выступоўцы асабліва адзначалі той факт, што заканадаўча замацаваны палажэнні аб недапушчальнасці скажэння гісторыі і гераізацыі нацызму, у тым ліку і ў праекце Канстытуцыі (артыкулы 15, 54). Гэта кажа пра тое, што Беларусь ставіць надзейную заслону скажэнню гістарычнай праўды. У дадзеным кантэксце прадстаўлены для ўсенароднага абмеркавання праект Канстытуцыі ўжо з’яўляецца ўнікальным у сусветнай практыцы. Казалі вучоныя і пра неабходнасць узмацнення ролі навукі ў асноўным Законе краіны.
У цяперашні час абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ідзе ва ўсіх арганізацыях НАН Беларусі. Кожны жадаючы можа ўнесці прапанову ў апублікаваны нядаўна праект. Усе прапановы будуць прааналізаваны і абагулены спецыяльнай рабочай групай і накіраваны ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.