Прэзідыум НАН Беларусі 12 студзеня 2022 года зацвердзіў вынікі конкурсу «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2021», праведзенага Камісіяй экспертаў, і прыняў рашэнне прысвоіць званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2021» генеральнаму дырэктару Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі, доктару тэхнічных навук, прафесару, акадэміку Ільюшчанку Аляксандру Фёдаравічу.
Высокага звання вучоны ўдастоены за распрацоўку высокаэфектыўных тэхналогій і абсталявання для атрымання новых кампазіцыйных матэрыялаў, перадавых узораў спецтэхнікі, стварэнне аўтаматызаванай інавацыйнай вытворчасці прамысловых эмульсійных выбуховых рэчываў, высокатэхналагічных вырабаў для аэракасмічнай і абароннай прамысловасці, паражальных парашковых элементаў, парашковых дэталей і элементаў спецвырабаў, за забеспячэнне буйных паставак экспартнай навукова-тэхнічнай прадукцыі.
Акадэмік Аляксандр Фёдаравіч Ільюшчанка – вядомы ў нашай краіне і за яе межамі вучоны ў галіне металургіі, доктар тэхнічных навук, прафесар. А.Ф. Ільюшчанка закончыў Беларускі політэхнічны інстытут і пачаў працоўную дзейнасць у НДІ парашковай металургіі з Вопытнай вытворчасцю. Прайшоў працоўны шлях ад інжынера да генеральнага дырэктара Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі, дырэктара ДНУ «Інстытут парашковай металургіі імя акадэміка А.У. Романа» (на гэтай пасадзе з 31 ліпеня 2007 года).
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці А.Ф. Ільюшчанкі звязаны з матэрыялазнаўчымі задачамі распрацоўкі кампазіцыйных парашкоў, ахоўных парашковых пакрыццяў, спецыяльных і высокаэнергетычных матэрыялаў, тэарэтычных асноў і працэсаў іх атрымання, што паслужыла асновай стварэння тэхналогій і абсталявання для іх рэалізацыі. Пад кіраўніцтвам А.Ф. Ільюшчанкі аганізаваны новыя вытворчасці парашковых пакрыццяў, кампазіцыйных парашкоў, канструкцыйных і фрыкцыйных вырабаў з металічных, металакерамічных і керамічных парашкоў, вуглярод- вугляродных кампазіцыйных матэрыялаў, матэрыялаў металургічнага 3D-друку, утылізацыі боепрыпасаў павышанай магутнасці. А.Ф. Ільюшчанка вядзе вялікую навукова-арганізацыйную і педагагічную работу.
Акадэмік Аляксандр Ільюшчанка – аўтар 1085 навуковых прац, у тым ліку 28 манаграфій. Прыкладныя распрацоўкі А.Ф. Ільюшчанкі абаронены 17 аўтарскімі пасведчаннямі і 177 патэнтамі. А.Ф. Ільюшчанка падтрымлівае сувязі з вядучымі навуковымі цэнтрамі шэрагу краін і міжнароднымі арганізацыямі. З’яўляецца правадзейным членам Акадэміі ваенных навук Расійскай Федэрацыі, членам Амерыканскага таварыства па матэрыялах (ASM ID 262841). Заслугі акадэміка атрымалі шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой.
А.Ф. Ільюшчанка – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2000 г.), прэміі імя акадэміка В.А. Капцюга НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН (2012 г.), прэміі РАН і НАН Беларусі (2012 г.), Прэміі Расійскай Федэрацыі «Залатая ідэя» (2012 г.), міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» (2018 г.). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2006 г.), ордэнам Айчыны ІІІ ступені (2018 г.), Ганаровымі граматамі Савета Міністраў (2000 г., 2021 г.) і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2009 г.), удастоены шэрагу ўзнагарод і знакаў узнагарод НАН Беларусі, міністэрстваў і ведамстваў, міжнародных арганізацый. У 2013 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».
Конкурс «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» заснаваны ў студзені 2018 года. Яго мэта – выяўленне і ўзнагароджанне найбольш эфектыўных у працы на працягу конкурснага года з ліку акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, а таксама навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі з навуковых арганізацый НАН Беларусі, якія маюць значныя асабістыя дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці, робяць важкі ўнёсак у развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Акадэміі навук Беларусі, падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.
Званне «Вучоны года» прысвойваецца штогод напярэдадні Дня беларускай навукі на падставе вынікаў конкурснага адбору. Ужо былі праведзены чатыры конкурсы, і звання «Вучоны года» ўдастоены чацвёра вучоных: 2017 – член-карэспандэнт Каламіец Эмілія Іванаўна, 2018 – акадэмік Казак Мікалай Станіслававіч, 2019 – член-карэспандэнт Каваленя Аляксандр Аляксандравіч, 2020 – акадэмік Агабекаў Уладзімір Янокавіч.