Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.03.2022

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя «Прыгожыя ў прыгожым: літаратура і мастацтва пра жанчын і для іх»

«Прыгожыя ў прыгожым: літаратура і мастацтва пра жанчын і для іх» – святочная прэзентацыя з такой назвай адбудзецца 2 сакавіка 2022 года ў 15.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі напярэдадні Міжнароднага жаночага дня.

Увазе гасцей мерапрыемства будзе прапанавана кніжная выстава «Скарбніца Пандоры: пра моду, прыгажосць і не толькі (па матэрыялах выданняў XVIII – XX стст.)».

Вобраз жанчыны розных часоў і народаў, свецкая мода і нацыянальны жаночы касцюм, кулінарыя і рукадзелле, традыцыі балю і песні з рэпертуару гараджанак і вясковых паненак – пра ўсё гэта можна даведацца са старонак кніг і часопісаў у экспазіцыі.

У асноўным гэта выданні ранейшага часу, самыя раннія – некалькі выпускаў нямецкага перыядычнага «Часопіса раскошы і мод» («Journal des Luxus und der Moden»), які выходзіў з 1786 па 1827 г. і быў першым часопісам у Германіі, прысвечаным пытанням моды. Пра тое, якім уборам аддавалі перавагу пры французскім двары канца XVIII ст., раскажа двухтомнае выданне «Мода і звычаі часоў Марыі-Антуанэты» («Modes et usages au temps de Marie-Antoinette…» Paris, 1885). Прыгажосцю вырабаў рускіх майстрых можна захапіцца ў выданні Соф’і Аляксандраўны Давыдавай, якая прысвяціла сябе вывучэнню рускага народнага мастацтва і надавала асаблівую ўвагу карункаваму промыслу. Яе работа «Рускія карункі: узоры і сколкі», выдадзеная ў 1909 г. у Пецярбургу, таксама ёсць у экспазіцыі. Кулінарнымі рэцэптамі са 150-гадовай даўніны падзеліцца Вінцэнта Завадская – аўтар вядомай папулярнай кнігі «Літоўская кухарка» («Kucharka litewska» Wilno, 1860). Многія выданні на выставе змяшчаюць ілюстрацыі, што дапаўняюць экспазіцыю яркімі жаночымі вобразамі мінулага.

У прэзентацыі прыме ўдзел вядомая мінская мастачка Марыя Ісаёнак, якая беражліва захоўвае творчую спадчыну сваёй маці – дзівосныя творы народнага майстра Вольгі Елісееўны Паўленка (1919–2008), якую даследчыкі называюць «народным Мацісам». У цяперашні час у Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава «Кола жыцця. Абрусы Вольгі Паўленка». Адна з работ майстрыхі будзе прадэманстравана ў сценах бібліятэкі.

У апошні час з’явілася нямала дызайнераў і прыватных вытворцаў, якія цікавяцца аўтэнтычнымі строямі. І гэта не дзіўна, бо традыцыйны беларускі строй застаецца вялікай каштоўнасцю і будзе сучасным заўсёды. Пра традыцыі жаночых галаўных убораў, якія, няма сумнення, робяць беларускі жаночы строй завершаным, раскажа Марыя Віннікава, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства. Марыя Мікалаеўна, якая даўно вывучае розныя спосабы завівання жаночага галаўнога ўбору, правядзе для гасцей майстар-клас. Выступленне струннага квартэта Музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі стане прыемным музычным дапаўненнем мерапрыемства.

Запрашаем прыняць удзел у прэзентацыі!
Наш адрас: Мінск, вул. Сурганава, 15 (ст. м. «Акадэмія навук»), інфармацыйна-выставачны цэнтр, 1 паверх, пак. 110).
Кантактная інфармацыя: + 375 17 379 40 12 – Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі; + 375 17 379 10 03 – Вольга Губанава, куратар кніжнай выставы; + 375 29 652 80 38 – Вольга Панасіна, аддзел маркетынгавых камунікацый ЦНБ НАН Беларусі.