Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.02.2022

Вучоныя Беларусі заклікаюць да спынення будаўніцтва памежнай агароджы і разбурэння экалагічных сістэм Белавежскай пушчы

Вучоныя Беларусі заклікаюць да спынення будаўніцтва памежнай агароджы і разбурэння экалагічных сістэм Белавежскай пушчы

Прэзідыум НАН Беларусі ад імя навукоўцаў Беларусі падрыхтаваў зварот да ўрада Польшчы і міжнародных арганізацый аб адмене рашэння аб будаўніцтве загараджальнага пагранічнага плота ў Белавежскай пушчы. Ліст будзе накіраваны па дыпламатычных каналах у адрас урада Рэспублікі Польшча, Польскай акадэміі навук, Белавежскага нацыянальнага парку і міжнародных экалагічных арганізацый на чатырох мовах.

ТЭКСТ ЗВАРОТУ

Белавежская пушча – унікальны аб’ект запаведнай прыроды Еўропы, які мае выключнае прыродаахоўнае значэнне і знаходзіцца пад аховай закона з пачатку XV стагоддзя.

Багацце Пушчы – тысячы стараўзроставых дрэў, сотні відаў раслін і жывёл, у тым ліку найбольш шматлікая ў свеце папуляцыя зуброў.

Белавежская пушча ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і прадстаўлена ў ім як адзіны прыродны аб’ект, размешчаны на трансгранічнай тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Унікальнасць і выключнае прыродаахоўнае значэнне пушчы заключаецца, у першую чаргу, у яе маштабах і відавой разнастайнасці. Для жывёл не існуе межаў, беларуская і польская часткі папуляцый функцыянуюць як адзінае цэлае, мігруючы ў межах усёй тэрыторыі пушчы.

Акрамя знаходжання ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Белавежская пушча мае яшчэ шэраг міжнародных прыродаахоўных статусаў:
- біясферны рэзерват ЮНЕСКА (1993 год);
- Еўрапейскі дыплом для ахоўных прыродных тэрыторый (1997 год);
- тэрыторыя міжнароднага значэння, важная для птушак (IBA);
- ключавая батанічная тэрыторыя міжнароднага значэння (IPA);
- аб’ект Ізумруднай сеткі (Emerald network);
- водна-балотнае ўгоддзе міжнароднага значэння – Рамсарская тэрыторыя (лесабалотны комплекс «Дзікае»).

Узвядзенне памежных загарод унутры тэрыторыі пушчы акажа вялікае негатыўнае ўздзеянне на стан рэдкай экалагічнай сістэмы і пацягне за сабой: знікненне рэдкіх і ахоўных відаў раслін і жывёл у выніку знішчэння натуральнай расліннасці і біятопаў; разбурэнне месцаў пасялення жывёльнага свету; ізаляцыю асобных мікрапапуляцый з наступным іх выраджэннем (здрабненне асобін, рост марфалагічных анамалій і г.д.); парушэнне цэласнасці папуляцый дзікіх жывёл; памяншэнне генетычнай разнастайнасці дзікіх жывёл.

Вучоныя Беларусі заклікаюць урад Польшчы перагледзець сваё рашэнне аб будаўніцтве загараджальнай пагранічнай агароджы ў Белавежскай пушчы, а таксама звяртаюцца да міжнародных арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на абарону прыроды, прыняць меры для прадухілення магчымай каласальнай шкоды ўнікальнаму прыроднаму аб’екту.

Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Текст обращения на русском языке
Text of the call in English
白罗斯科学家公开信中文
Прэс-служба НАН Беларусі
Тэгi
#зварот