У рэжыме відэасувязі адбылася рабочая сустрэча Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і генеральнага дырэктара Дзяржаўнай карпарацыі па касмічнай дзейнасці «Раскосмас» Дзмітрыя Рагозіна.
На сустрэчы абмеркавалі актуальныя напрамкі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы. У прыватнасці, дасягнуты дамоўленасці па далейшым прасоўванні сумесных праектаў у галіне пілатуемай касманаўтыкі і стварэнні расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі звышвысокага раздзялення і расійска-беларускай касмічнай сістэмы на яго аснове.
На сустрэчы Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што сягоння высока ацэньваюцца вынікі шматгадовай плённай сумеснай дзейнасці беларускіх і расійскіх вучоных і спецыялістаў па стварэнні і эксплуатацыі касмічнай тэхнікі, рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы. За час шматгадовага супрацоўніцтва склалася ўстойлівая беларуска-расійская навукова-тэхнічная і вытворчая кааперацыя ў касмічнай сферы. Кіраўнік НАН Беларусі падкрэсліў, што ў 2021 годзе ўпершыню лаўрэатамі прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі сталі два сумесныя навуковыя калектывы НАН Беларусі, Дзяржкарпарацыі «Раскосмас» і РАН за распрацоўкі ў касмічнай сферы.
«НАН Беларусі падтрымала Вашу прапанову аб стварэнні Еўразійскага касмічнага агенцтва, дзейнасць якога заклікана кансалідаваць намаганні дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў галіне касмічнай дзейнасці і садзейнічаць развіццю сумесных праектаў. Двухбаковае супрацоўніцтва ў касмічнай сферы павінна ўстойліва развівацца на карысць нашых дзяржаў і быць прыкладам для іншых. Мяркую, што сённяшняя сустрэча надасць гэтаму супрацоўніцтву новы імпульс», падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
На сустрэчы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і генеральнага дырэктара Дзяржаўнай карпарацыі па касмічнай дзейнасці «Раскосмас» Дзмітрыя Рагозіна разгледжаны таксама ход узгаднення рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь і федэральнымі органамі выканаўчай улады Расійскай Федэрацыі праграмы Саюзнай дзяржавы «Комплекс-СД», плануемай да выканання ў 2022 – 2026 гадах. Праграма распрацавана спецыялістамі НАН Беларусі і Дзяржкарпарацыі «Раскосмас» і накіравана на далейшае супрацоўніцтва прадпрыемстваў і навуковых устаноў Беларусі і Расіі ў галіне развіцця нацыянальных касмічных сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем арбітальных груповак маларазмерных касмічных апаратаў. Асноўным выканаўцам праграмы з беларускага боку выступае ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі». Прынята рашэнне завяршыць працэдуры ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення праграмы ў першым паўгоддзі бягучага года і пачаць яе практычную рэалізацыю. Усяго ў рамках Саюзнай дзяржавы вучоныя НАН Беларусі выканалі 7 навукова-тэхнічных праграм па касмічнай тэматыцы, адна праграма выконваецца цяпер.