Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.04.2022

Інстытут гісторыі развівае супрацоўніцтва з 52-м пошукавым батальёнам Міністэрства абароны

Інстытут гісторыі НАН Беларусі развівае супрацоўніцтва з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

З мэтай удасканальвання ўзроўню прафесіянальнай падрыхтоўкі службовых асоб спецыялізаваных пошукавых падраздзяленняў в/ч 28443 прадстаўнікі батальёна на чале з камандзірам маёрам А.У. Рубіным пабывалі ў гасцях у акадэмічных гісторыкаў і археолагаў.

З лекцыяй аб практыцы пошуку месцаў падзення збітых самалётаў перыяду Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, методыцы ўстанаўлення імён лётчыкаў і лёсу экіпажаў выступіў навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Дзмітрый Кіенка. Пра найважнейшыя вынікі і перспектывы археалагічных даследаванняў на замку Жабер у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці расказаў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Сяргей Ліневіч.

Ваенныя таксама пабывалі на экскурсіі ў Археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Камандзір батальёна А.У. Рубін выказаў падзяку супрацоўнікам інстытута і асабіста дырэктару В.Л. Лакізу за арганізаваную сустрэчу ў Год гістарычнай памяці і запрасіў наведаць у адказ Музей 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ў Лепелі.