Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.04.2022

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Сусветнаму дню авіяцыі і касманаўтыкі

11 красавіка 2022 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Развіццё касмічнай галіны Беларусі на сучасным этапе», прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі.

У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі Пётр Віцязь, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарата НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, акадэмік і Сяргей Залатой, дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (НІРУП) «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі. Удзельнікі прэс-мерапрыемства расказалі пра сучасны стан аэракасмічнай галіны ў нашай краіне, перспектыўныя праекты і сумесныя беларуска-расійскія праграмы. «Прыемна адзначыць, што ўпершыню былі ўручаны прэміі ў галіне навукі і тэхнікі па саюзных праграмах у касмічных напрамках, у якіх удзельнічалі калектывы НАН Беларусі. Гэта гаворыць пра тое, што работу Акадэміі навук і беларусаў ацанілі на высокім саюзным узроўні. Дасягнуты важныя вынікі ў галіне новых матэрыялаў і прыбораў, мэтавай апаратуры, у стварэнні беларускай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі»,  распавёў акадэмік.

У сваю чаргу Сяргей Залатой падкрэсліў, што касмічныя тэхналогіі шырока і паспяхова ўкараняюцца ў практыку народнай гаспадаркі: «Каля 11 міністэрстваў і больш за 20 арганізацый Беларусі карыстаюцца інфармацыяй дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з арбітальнай групоўкі. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, створанай пры распрацоўцы касмічнай сістэмы, больш чым на $20 млн перавысіла выдаткі на стварэнне і эксплуатацыю». Галоўныя спажыўцы тэхналогіі – арганізацыі Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства адукацыі, сілавыя ведамствы і іншыя.