Завяршыла работу сесія Агульнага сходу НАН Беларусі. У ёй прынялі ўдзел каля 200 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў і старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.
Са справаздачай аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2021 годзе і задачах на 2022 год выступіў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Кільчэўскі.
Перад пачаткам сесіі Агульнага сходу Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў паведаміў журналістам, што ў цяперашні час беларускія вучоныя сканцэнтравалі намаганні на рабоце з прадпрыемствамі па імпартазамяшчэнні.
«У апошні час мы сканцэнтравалі свае намаганні і пачалі актыўна працаваць з шэрагам прадпрыемстваў па імпартазамяшчэнні. Зараз праводзяцца сустрэчы, вызначаюцца прыярытэтныя напрамкі работы. Мы ўжо склалі пералік распрацовак і накіравалі іх у Савет Міністраў, Міністэрства эканомікі, а таксама на прадпрыемствы для выкарыстання. У хуткім часе плануецца пасяджэнне пад кіраўніцтвам Саўміна, дзе мы будзем больш дэталёва разглядаць нашы магчымасці і заяўкі прадпрыемстваў», расказаў Уладзімір Гусакоў.
Гаворачы пра найбольш прыярытэтныя сферы навуковых распрацовак, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі выдзеліў машынабудаванне, электроніку, прыборабудаванне, высокія тэхналогіі і фармацэўтыку, а сярод прадпрыемстваў – МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Гарызонт», «Інтэграл» і інш. «На 2022 год у нас запланаваны шэраг праграм навуковых даследаванняў. Гэта абсалютна розныя сферы, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы космасам. Напрыклад, да канца гэтага года плануецца завяршыць распрацоўку беларускага спадарожніка, адзначыў Уладзімір Гусакоў. У сувязі з санкцыямі мы зрабілі ўпор на распрацоўцы фармпрадукцыі, у тым ліку вітамінных комплексаў для мужчын, жанчын, дзяцей, людзей з аслабленым здароўем».