Паважаныя калегі!
Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас са Святам працы!
Традыцыя святкаваць Першамай узнікла яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. 1 мая 1886 года рабочыя многіх краін свету выйшлі на дэманстрацыі з патрабаваннем увесці 8-гадзінны працоўны дзень. Іменна ў памяць пра гэтыя падзеі 1 мая стаў Днём міжнароднай салідарнасці працоўных.
Сацыяльнае гучанне гэтага свята ў далейшым змянілася. Сёння 1 мая – гэта свята вясны і працы, свята ўсіх працоўных, што ствараюць багацце краіны. Гэты дзень сімвалізуе вясну і нясе ў сабе вялікі эмацыянальны зарад веснавога абуджэння. І няхай традыцыя шырока і агульнанародна адзначаць гэтае свята адыходзіць у мінулае, тым не менш яно ўвасабляе абнаўленне жыцця і павагу да стваральнай працы, якая забяспечвае дабрабыт кожнага чалавека, кожнай сям’і, усёй дзяржавы.
Вучоныя Акадэміі навук сёння працуюць па шэрагу важнейшых прыярытэтаў на карысць краіны. Пры дапамозе найноўшых навуковых дасягненняў Беларусь забяспечвае рашэнне маштабных задач. Цеснае ўзаемадзеянне акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі дае вынікі, запатрабаваныя ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, іншых сферах грамадскага развіцця.
У гэты светлы дзень хачу падзякаваць усім супрацоўнікам НАН Беларусі, якія сумленнай працай робяць унёсак у паспяховае развіццё навуковай сферы, множачы слаўныя традыцыі, перададзеныя пакаленнямі беларускіх вучоных.
Жадаю вам мірнай працы, моцнага здароўя, дабрабыту ў кожнай хаце, добрага веснавога настрою. Няхай аптымізм і вера ў лепшае застаюцца надзейнымі спадарожнікамі творчага навуковага працэсу!
Уладзімір ГУСАКОЎ,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік