Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.05.2022

Памёр акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Васільевіч Сукала

3 мая 2022 года памёр вядомы беларускі ўрач, былы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, галоўны пазаштатны дзіцячы нефролаг Міністэрства аховы здароўя, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Васільевіч Сукала.

У 1982 годзе Аляксандр Сукала абараніў кандыдацкую дысертацыю «Клініка-імуналагічная характарыстыка і прафілактыка рэцыдываў гламеруланефрыту ў дзяцей». З 1988 па 1996 год быў дэканам педыятрычнага факультэта. У 1995 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Пярвічны гламеруланефрыт у дзяцей Беларусі ў сучасных экалагічных умовах», а ў 1996 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Аляксандр Васільевіч Сукала быў адным з арганізатараў Цэнтра дзіцячага гемадыялізу, навуковым кіраўніком Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нефралогіі і нырачнай замяшчальнай тэрапіі. Дзякуючы яго даследаванням у Беларусі быў укаранёны метад нефрабіяпсіі ў дзіцячай нефралогіі, а выкарыстанне сучасных высокатэхналагічных методык нырачнай замяшчальнай тэрапіі дапамагло дасягнуць значных вынікаў па зніжэнні лятальнасці пры вострай нырачнай недастатковасці з 35% практычна да нуля.

У 2009 годзе Аляксандр Сукала быў абраны членам-карэспандэнтам, у 2014 годзе – акадэмікам НАН Беларусі. Ён аўтар больш за 740 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій, 44 даведнікаў, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Аляксандр Васільевіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя БССР, Міністэрства аховы здароўя Беларусі і галіновага прафсаюза, Савета Міністраў, НАН Беларусі, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, а таксама ўдастоены ганаровых званняў «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь», «Выдатнік аховы здароўя СССР», медаля «За працоўныя заслугі» (2007), ордэна Свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені (2011), ордэна Ефрасінні Полацкай (2012), ордэна Пашаны (2016), «Залатога медаля» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2019).

НАН Беларусі выказвае шчырыя спачуванні родным і сваякам Аляксандра Васільевіча.

Пахаваны акадэмік Аляксандр Васільевіч Сукала будзе на Усходніх могілках Мінска.