Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.05.2022

Пачала работу Міжнародная канферэнцыя «Вынікі археалагічных даследаванняў у Беларусі ў 2021 годзе»

18 – 20 мая 2022 г. Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць штогадовую Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Вынікі археалагічных даследаванняў у Беларусі».

На пленарным пасяджэнні 18 мая (Міжнародны дзень музеяў) удзельнікі ўшанавалі памяць вядомага вучонага-археолага Вольгі Мікалаеўны Ляўко, якая вельмі шмат зрабіла для развіцця археалагічнай навукі і музейнай справы, але раптоўна пайшла з жыцця (21 мая яе маглі б віншаваць з 75-гадовым юбілеем). Успомнілі і пра выдатнага археолага Пятра Фёдаравіча Лысенку, дзякуючы якому 40 гадоў таму быў створаны Археалагічны музей «Бярэсце».

Вялікая работа была праведзена археолагамі інстытута і краіны ў мінулагоднім палявым сезоне, зроблены шэраг адкрыццяў, вывучаны новыя помнікі, атрыманы ўнікальныя артэфакты. Амаль 200 дазволаў на права правядзення археалагічных даследаванняў выдала НАН Беларусі, больш за 600 заключэнняў аб наяўнасці або адсутнасці археалагічных аб’ектаў падрыхтавалі ў Інстытуце гісторыі. Археалагічныя летнікі са школьнікамі, студэнцкая практыка, разведкі і раскопкі, выратавальныя даследаванні ў зонах новабудоўляў, музеефікацыя аб’ектаў, новыя ідэі і гіпотэзы – пра ўсё гэта можна было пачуць у дакладах. Аднак археолагі не могуць без поля, таму навукова-практычная частка ў першы дзень канферэнцыі праходзіла на тэрыторыі Барысава і Барысаўскага раёна: знаёмства з дзейнасцю «Барысаўскага аб’яднанага музея» і самымі вядомымі помнікамі і аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.