З 23 па 27 мая 2022 года навуковыя арганізацыі Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі праводзяць Тыдзень роднай прыроды.
Па традыцыі мерапрыемства прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці (22 мая). ДНПА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі», ДНУ «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі» і ДНУ «Інстытут лесу» падрыхтавалі цэлы шэраг мерапрыемстваў.
Напярэдадні Тыдня роднай прыроды 21 мая (субота) у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбудзецца кірмаш, прымеркаваны да Сусветнага дня пчол. Гасцей чакае дэгустацыя мёду, творчы майстар-клас і продаж мёду. На свяце спецыялісты навучаць дарослых і дзяцей разбірацца ў прадуктах пчалаводства, ужываць іх з карысцю.
23 мая адбудзецца семінар-адкрыццё Тыдня роднай прыроды, на якім выступяць вядучыя вучоныя Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі, прадстаўнікі навуковых арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў. Пра багаты раслінны свет унікальнага балота Ельня школьнікам раскажуць вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.
23 – 27 мая 2022 года Інстытут лесу НАН Беларусі арганізуе інфармацыйна-адукацыйны праект «Дыялогі аб прыродзе», у рамках якога на сустрэчах з навучэнцамі г. Гомеля вучоныя абмяркуюць біяразнастайнасць лясных экасістэм, рацыянальнае прыродакарыстанне і палітыку нашай краіны ў галіне аховы прыроды. Праект «Заачацвер» прапануе навукова-папулярную лекцыю «У пошуках мядзведзіцы Мяцелькі: балотныя даследаванні энтамолага» (26 мая ў актавай зале Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі).
Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі і НПЦ па біярэсурсах далучацца да акцыі «Чысты бераг» па навядзенні парадку на прыбярэжнай паласе Вілейскага вадасховішча, а таксама правядуць тэлемост з калегамі з Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акадэміка І. Г. Пятроўскага, прысвечаны захаванню расліннай разнастайнасці ў рэгіёне Няруса-Дзяснянскага Палесся.
Па традыцыі вучоныя падрыхтавалі шырокую экскурсійную праграму. Для навучэнцаў сярэдніх школ у рамках рэалізацыі праграмы «Першы крок у навуку» будуць арганізаваны азнаямленчыя экскурсіі «Калекцыйныя фонды і навукова-даследчыя лабараторыі ДНПА НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах». У рамках Тыдня роднай прыроды можна будзе пазнаёміцца з калекцыйнымі фондамі і экспазіцыямі Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі, у тым ліку з калекцыямі рададэндрана ў фазе цвіцення. У Інстытуце лесу НАН Беларусі для навучэнцаў сярэдніх і сярэдне-спецыяльных устаноў г. Гомеля будуць арганізаваны азнаямленчыя экскурсіі з наведваннем музея гісторыі Інстытута лесу, кабінета-музея акадэміка В. А. Іпацьева, навукова-даследчых лабараторый Інстытута.
Наведвальнікаў Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі таксама чакаюць кансультацыі з навуковымі супрацоўнікамі і спецыялістамі – куратарамі калекцый бэзу і рададэндранаў (у фармаце анлайн-сустрэчы). Да завяршэння мерапрыемстваў Тыдня роднай прыроды на сайце Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі будуць размешчаны відэапасты, у якіх спецыялісты адкажуць на самыя папулярныя і надзённыя пытанні па агратэхніцы вырошчвання і доглядзе бэзу і рададэндранаў.
*Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 1995 годзе. Яго мэта – павысіць дасведчанасць соцыуму ў пытаннях захавання экалагічнай сістэмы, звярнуць увагу грамадскасці на праблему незваротнага знікнення на Зямлі многіх прадстаўнікоў флоры і фаўны. У гэтым годзе яго тэма – «Пабудова агульнай будучыні для ўсяго жывога».
Праграма пляцоўкі адкрытых камунікацый «Тыдзень роднай прыроды -2022»