Вучоныя НАН Беларусі прымуць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Фёдараўскія чытанні – 2022», прысвечанай 295-годдзю Акадэмічнай тыпаграфіі ў Расіі.
Мерапрыемства адбудзецца на базе ФДБУ навукі «Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука” РАН» (г. Масква, Нахімаўскі праспект, 47). У рабоце форуму прымуць удзел вучоныя з Беларусі, Расіі і Францыі. Арганізатарамі буйнога міжнароднага навуковага мерапрыемства выступаюць Расійская акадэмія навук, ФДБУ навукі «Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука” РАН», Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, ДУ «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі». Канферэнцыя будзе праходзіць пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і яе Навуковага савета па кніжнай культуры, кнігавыдавецтве і бібліятэках.
На Пленарным пасяджэнні і трох секцыях будзе разгледжаны шэраг пытанняў: гісторыя славянскага кірылічнага кнігадрукавання, дзейнасць і спадчына першадрукароў, кніжная культура XVI – XVIII стст., энцыклапедыстыка і біяграфіка як сродак захавання гістарычнай памяці ў кантэксце развіцця кніжнай культуры. З дакладамі выступяць вучоныя з вядомых навуковых устаноў: ДУ «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі», УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», ФДБУ навукі «Навуковы і выдавецкі цэнтр “Навука” РАН», ФДБУ навукі «Інстытут усеагульнай гісторыі РАН», ФДБУ навукі «Інстытут славяназнаўства РАН», ФДБАУ ВА «Дзяржаўны акадэмічны ўніверсітэт гуманітарных навук», Лабараторыя скарыназнаўства і валарызацыі даследаванняў гісторыі і культуры Беларусі (Францыя) і інш.
«Фёдараўскія чытанні» - адна са старэйшых канферэнцый, якая заснавана ў 1933 годзе і збірае вядомых вучоных для абмеркавання пытанняў кнігазнаўчай тэматыкі. Пасля значнага перарыву, з 2013 г., было прынята рашэнне адрадзіць навуковы форум.