У рамках VIII Расійскага філасофскага кангрэса «Філасофія ў поліцэнтрычным свеце. Да 100-годдзя з дня нараджэння А. А. Зіноўева» адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве ў галіне навуковай і адукацыйнай дзейнасці паміж Інстытутам філасофіі НАН Беларусі і Інстытутам філасофіі РАН.
Дагавор падпісалі дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі Анатоль Лазарэвіч і дырэктар Інстытута філасофіі РАН акадэмік Абдусалам Гусейнаў. Прадметам дагавора з’яўляецца супрацоўніцтва і ўсталяванне прамых навуковых сувязей паміж бакамі ў сферы даследаванняў актуальных сацыяльна-эканамічных, палітычных і культурна-філасофскіх праблем сучаснасці, а таксама адукацыйная дзейнасць у розных галінах філасофскай навукі. У якасці прыярытэтных вызначаны наступныя напрамкі супрацоўніцтва: распрацоўка сумесных навукова-даследчых праектаў, правядзенне сумесных навуковых канферэнцый, семінараў, круглых сталоў, падрыхтоўка сумесных навуковых прац, абмен спецыялістамі з мэтай навуковых стажыровак і чытання лекцый, абмен найноўшымі навуковымі выданнямі.
Дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі Анатоль Лазарэвіч прыняў удзел у VIII Расійскім філасофскім кангрэсе «Філасофія ў поліцэнтрычным свеце. Да 100-годдзя з дня нараджэння А. А. Зіноўева», які прайшоў 26 – 28 мая 2022 г. у Маскве (Расійская Федэарцыя), у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава. Расійскі філасофскі кангрэс – адна з самых маштабных падзей у філасофскім жыцці не толькі Расійскай Федэрацыі, Усходняй Еўропы, але і ўсёй еўразійскай прасторы. Кангрэс сабраў каля 1500 вучоных і спецыялістаў у галіне філасофскай навукі, яго работа разгарнулася ў 24 секцыях, 15 сімпозіумах, 25 круглых сталах, якія ахопліваюць усю шырыню і шматстайнасць філасофскіх ведаў на сучасным этапе іх развіцця.