Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.06.2022

Вучоныя Інстытута гісторыі прымаюць удзел у Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 40-годдзю музея «Бярэсце»

Вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі прымаюць удзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Драўлянае стагоддзе. Актуальныя пытанні вывучэння, захавання і прэзентацыі аб’ектаў археалагічнай спадчыны», якая прысвечана 40-годдзю з дня адкрыцця Археалагічнага музея «Бярэсце» і праходзіць 1 – 3 чэрвеня 2022 года.

Дзякуючы маштабным даследаванням вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі 40 гадоў таму і пачаў сваю дзейнасць Археалагічны музей «Бярэсце» ў г. Брэсце (на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці), а тры гады таму адкрыўся Археалагічны музей пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы ў в. Камянюкі. Таму было вырашана праводзіць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Драўлянае стагоддзе. Актуальныя пытанні вывучэння, захавання і прэзентацыі аб’ектаў археалагічнай спадчыны» на дзвюх пляцоўках – у Брэсце і Камянюках. Арганізатарамі форуму выступілі Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, Нацыянальны парк «Белавежская пушча» і Інстытут археалогіі імя А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан (Расійская Федэрацыя).

Да юбілею Інстытут гісторыі НАН Беларусі перадасць для экспанавання ў музеі «Бярэсце» рэстаўрыраваныя артэфакты, якія былі знойдзены вядомым археолагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам Пятром Лысенкам падчас раскопак старажытнага горада яшчэ ў 70-я гг. ХХ стагоддзя.

У рабоце Міжнароднага форуму прымаюць удзел прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута археалогіі РАН, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Дзяржаўнага навукова-даследчага інстытута рэстаўрацыі (г. Масква), Эрмітажа (г. Санкт-Пецярбург), Інстытута археалогіі імя А. Х. Халікава Акадэміі навук Рэспублікі Татарстан (г. Казань). Будуць абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з асаблівасцямі навуковага вывучэння, кансервацыі і музеефікацыі археалагічных аб’ектаў з дрэва, з важнасцю археалагічных даследаванняў матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі і сумежных тэрыторый, з праблемамі захавання археалагічнай спадчыны краіны і яе выкарыстання ў адукацыйнай, выхаваўчай і турыстычнай сферах.