Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.08.2022

Адбыўся візіт Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ААЭ

1 жніўня 2022 года ў НАН Беларусі адбыліся перамовы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь спадаром Ібрагімам Салім Аль-Мушарахам.

Гэта першы візіт высокага госця ў Акадэмію навук. У ходзе перамоў быў абмеркаваны бягучы стан беларуска-эмірацкага супрацоўніцтва, а таксама новыя перспектыўныя напрамкі і механізмы сумеснай навукова-тэхнічнай дзейнасці. Госці НАН Беларусі наведалі экспазіцыю пастаяннай выставы «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці», дзе падрабязна азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў у ходзе перамоў адзначыў: «Акадэмія навук зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. У нас ёсць агульныя пытанні. І мы маглі б скааперыраваць нашых вучоных і атрымаць добрыя вынікі на карысць абедзвюх краін».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь спадар Ібрагім Салім Аль-Мушарах таксама выказаў упэўненасць, што сёння даследчыкам абедзвюх краін неабходна больш цесна працаваць разам. У прыватнасці, па такіх прыярытэтных для ААЭ напрамках, як штучны інтэлект, зялёныя тэхналогіі, аднаўляльныя крыніцы энергіі, «разумныя гарады», харчовая бяспека, медыцынскія і касмічныя тэхналогіі, праблемы змянення клімату. Уладзімір Гусакоў заявіў, што названыя напрамкі – прамыя прыярытэты работы НАН Беларусі, па якіх у нас ёсць навуковыя калектывы, інстытуты, што актыўна распрацоўваюць гэтыя пытанні і маюць добрыя вынікі. Кіраўнік Акадэміі навук падрабязна расказаў пра распрацоўкі, што вядуцца, і запрасіў вучоных ААЭ наведаць навуковыя арганізацыі НАН Беларусі для актывізацыі супрацоўніцтва. У сваю чаргу спадар Ібрагім Салім Аль-Мушарах запрасіў вучоных НАН Беларусі прыняць удзел у міжнародных мерапрыемствах, прысвечаных змяненню клімату, якія пройдуць у ААЭ ў 2023 годзе.

Тэгi
#візіты