Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.08.2022

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у «Дні поля – 2022» у Башкартастане

Дэлегацыя НАН Беларусі прыняла ўдзел у занальных навукова-практычных семінарах «Дзень поля – 2022», якія прайшлі 2 – 3 жніўня 2022 г. у Благаварскім раёне Рэспублікі Башкартастан.

На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства генеральны дырэктар кітайска-беларускага ЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» Юрый Лявонавец зачытаў прывітальны адрас Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова.

«Дзень поля» – галоўная рэгіянальная аграрная падзея года для прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Башкірыі, калі дэманструюцца найноўшыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, арганізуецца дэгустацыя прадукцыі вядучых перапрацоўчых прадпрыемстваў. Мерапрыемства прводзіцца з мэтай распаўсюджвання інавацыйных тэхналогій і перадавой практыкі ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, укаранення селекцыйных дасягненняў, абмену вопытам і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў.

Прадстаўнікі арганізацый НАН Беларусі прадэманстравалі на выстаўцы найноўшыя распрацоўкі ў галіне беспілотных лятальных апаратаў (сельскагаспадарчы комплекс А-60Х, абсталяваны сістэмай распылення; комплекс маніторынгу і картаграфіі на базе БЛА мадэлі А-10V) вытворчасці кітайска-беларускага закрытага акцыянернага таварыства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы», новыя гатункі і тэхналогіі вырошчвання льну алейнага (РУП «Інстытут ільну»), а таксама перспектыўныя распрацоўкі ў сферы АПК завочнага ўдзельніка (ДНУ «Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі»). Члены дэлегацыі НАН Беларусі сустрэліся з Прэзідэнтам Акадэміі навук Рэспублікі Башкартастан Камілем Рамазанавым.

З мэтай наладжвання эфектыўнага супрацоўніцтва і рэалізацыі Пагаднення паміж НАН Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Башкартастан дэлегацыя НАН Беларусі працягвае пошук патэнцыяльных камерцыйных партнёраў у галіне аграпрамысловага комплексу і вядзе падрыхтоўку ўдзелу НАН Беларусі ў Х форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца ў г. Уфа (Рэспубліка Башкартастан) у 2023 годзе.