Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.08.2022

Беларускія і расійскія вучоныя правялі даследаванні па дынаміцы кліматычных фактараў больш як за 2 тысячы гадоў

Вучоныя Інстытута імя эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі сумесна з расійскімі калегамі з Інстытута праблем экалогіі імя А. М. Севярцова РАН з выкарыстаннем узораў выкапнёвай драўніны дуба чарэшчатага (Querсus robur L.), сабранай з дна рэк Лучоса і Чарніцы (Лёзненскі раён Віцебскай вобласці), драўніны з археалагічных раскопак і гістарычных будынкаў, а таксама ўзораў з жывых дрэў упершыню ў Беларусі пабудавалі чатыры звышвекавыя дэндрахраналагічныя шкалы: 1930-1615 гг. да н.э., 586-1351 гг., 1410-1647 гг. і 1805-2018 гг. Шкалы адлюстроўваюць дынаміку кліматычных фактараў і гаспадарчай дзейнасці ў рэгіёне больш як за 2 тысячы гадоў.

Выяўлена, што асноўнымі кліматычнымі фактарамі, што лімітуюць прырост дуба на паўночным усходзе Беларусі, з’яўляюцца тэмпературы жніўня і верасня мінулага года. Сучасны ўзровень ападкаў не з’яўляецца лімітавальным фактарам. Ва ўсіх чатырох дэндрахраналагічных шкалах выразна выражана цыклічнасць прыросту дуба ў 11-12 і 22-24-гады.

Вынікі даследаванняў дазволяць пашырыць сетку тысячагадовых дэндрахраналагічных шкал Еўропы, якія выкарыстоўваюцца для рэканструкцыі і прагназавання кліматычных змяненняў і выяўлення заканамернасцей у змяненні ляснога покрыва, звязаных з кліматычнымі фактарамі. Выключна важныя вынікі праекта для датавання археалагічных аб’ектаў. Упершыню ў Беларусі з’явілася магчымасць пры дапамозе дэндрахраналагічных метадаў з дакладнасцю да аднаго года датаваць не толькі сярэдневяковыя помнікі археалогіі і гісторыі, але і некаторыя пабудовы бронзавага веку.

На падставе даследавання ўзораў драўніны, даціроўка якіх загадзя вядомая, будуецца так званая дэндрахраналагічная шкала – паслядоўнасць таўшчынь гадавых кольцаў дрэў пэўнай пароды ў пэўнай мясцовасці, ад бягучага моманту і як мага далей у мінулае. Для блізкіх да сучаснасці перыядаў выкарыстоўваюцца вымярэнні гадавых кольцаў жывых дрэў, якія маюць дастаткова вялікі ўзрост (існуе методыка выканання такіх вымярэнняў, што не патрабуюць спілоўвання дрэва).

Дэндрахраналогія (ад стар.-грэч. Δένδρον – дрэва, χρόνος – час, λόγος – слова, вучэнне) – навуковая дысцыпліна аб метадах датавання падзей, прыродных з’яў, археалагічных знаходак і старажытных прадметаў, заснаваная на даследаванні гадавых кольцаў драўніны.

Выкарыстоўваецца для датавання драўляных прадметаў і фрагментаў ствалоў дрэў (напрыклад, у пабудовах), а таксама ў біялогіі – пры вывучэнні біялагічных змяненняў за апошнія тысячагоддзі. Дэндракліматалогія – напрамак у дэндрахраналогіі, які займаецца вывучэннем заканамернасцей складання гадавых кольцаў для ўстанаўлення клімату ў мінулыя геалагічныя эпохі.