Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.10.2022

НАН Беларусі прэзентуе новыя навуковыя выданні, прысвечаныя кіналетапісу і музыцы Вялікай Айчыннай вайны

7 кастрычніка 2022 года ў 15.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (Мінск, вул. Сурганава, 15) адбудзецца прэзентацыя новых навуковых выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Новая манаграфія кандыдата мастацтвазнаўства К. І. Рамішэўскага «Врагу беспощадная лютая месть!: кинолетопись и киножурнал “Савецкая Беларусь” огненных лет (июнь 1941 – ноябрь 1945 года)» знаёміць з вынікамі паглыбленага вывучэння хранікальнага кінаматэрыялу ваенных гадоў, вынікамі кінахранікальнай творчасці франтавых аператараў-беларусаў, эвалюцыяй творча-вытворчых і арганізацыйна-кіраўнічых падыходаў у дакументальным сегменце кінематографа 1941–1945 гадоў.

Навуковае даследаванне, апісанне, каталагізацыя, сістэматызацыя і ўвядзенне ў навуковы абарот маштабнага кіналетапісу Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца вельмі актуальнай навуковай задачай, паколькі даследаванняў гэтага экраннага матэрыялу ў Беларусі ў пасляваенны перыяд не праводзілася.

У выданні падрабязна раскрыта аўтарская метадалогія гісторыка-мастацтвазнаўчай атрыбуцыі «раздакументаванага» матэрыялу пры дапамозе ўнікальных дакументаў ваеннага часу – аператарскіх здымачна-мантажных лістоў. Прыведзены прынцыпова новыя звесткі аб мерапрыемствах, якія забяспечылі адраджэнне нацыянальнага кіначасопіса «Савецкая Беларусь» летам 1942 года, а таксама творча-вытворчых аспектах работы Беларускай студыі кінахронікі ў перыяд яе часовага знаходжання ў Маскве (1942–1944).

Адным з вынікаў навуковага даследавання стала фарміраванне калекцыі беларускіх кінадакументаў 1941–1945 гадоў, якія ўключаюць кінакадры, знятыя на беларускай зямлі, а таксама рэпартажы і нарысы кінааператараў-беларусаў, знятыя імі ў кінагрупах розных франтоў.

Кніга аўтарскага калектыву ў складзе Гарбушынай І.Л., Гудзей-Каштальян В.Р., Мдзівані Т.Г., Цмыг Г.П., Канстанцінавай Т.Л., Санюк М.Л. «Великая Отечественная война в белорусской музыке: память потомков» прысвечана ператварэнню тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай кампазітарскай творчасці і песенным фальклоры, подзвігу беларускіх артыстаў і музыкантаў-партызан на палях бітваў і ў тыле ворага. У ёй разглядаюцца творы, напісаныя як у гады ВАВ, так і пасля яе заканчэння. Манаграфія ахоплівае ўсе жанры кампазітарскай творчасці: оперы і балеты, сімфанічную, вакальна-сімфанічную і харавую музыку, канцэрты і камерна-інструментальныя творы, рамансы і песні. Прадстаўлены як панарамны агляд музычных твораў, прысвечаных ваеннай тэматыцы, так і іх падрабязны аналіз.

Трагедыя Хатыні і музыка У. Алоўнікава, чыя творчасць амаль цалкам прысвечана подзвігу беларускага народа ў гады вайны, складаюць самастойныя раздзелы кнігі. Вялікая ўвага нададзена партызанскай песні і яе ролі ў падтрымцы баявога духу абаронцаў Айчыны. У кнізе пададзены ілюстрацыйны матэрыял – фатаграфіі кампазітараў і артыстаў-выканаўцаў, сцэн з оперных і балетных спектакляў, нотныя прыклады. Дадаткі ўтрымліваюць важную інфармацыю аб нотна-песенных транскрыпцыях і аўдыязапісах партызанскіх песень, а таксама пералік асноўных твораў беларускіх кампазітараў, прысвечаных ВАВ, тэме подзвігу народа і Вялікай Перамогі, што не мае аналагаў у беларускіх выданнях.

На мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі навуковай грамадскасці, вышэйшых навучальных устаноў.