Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.10.2022

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі абмеркавалі архітэктурную спадчыну Іосіфа Лангбарда

6 кастрычніка 2022 г. на базе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Архітэктурная спадчына І.Р. Лангбарда і сучаснасць», прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння І.Р. Лангбарда.

З прывітальным словам выступілі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Чыжык С.А., акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Каваленя А.А., дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Лакотка А.А.

На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі прадстаўнікі НАН Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, БНТУ і іншых профільных арганізацый. Вялікую цікавасць выклікалі даклады, прысвечаныя жыццю і творчай спадчыне І.Р. Лангбарда – выдатнага архітэктара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, аўтара знакавых пабудоў Беларусі савецкага перыяда, у тым ліку будынкаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дома ўрада, Вялікага тэатра оперы і балета, Дома афіцэраў. Адбылася прэзентацыя матэрыялаў Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі. Былі прадстаўлены раней не апублікаваныя архіўныя матэрыялы аб жыцці і творчасці І. Лангбарда. Удзельнікамі канферэнцыі таксама падымаліся пытанні аховы, уліку, рэстаўрацыі і мадэрнізацыі архітэктурных помнікаў ХХ стагоддзя, што з’яўляюцца часткай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

У канферэнцыі прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Расіі, Азербайджана. Прадстаўленыя даклады будуць апублікаваны ў выглядзе зборніка матэрыялаў канферэнцыі.