Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.10.2022

13 кастрычніка пройдуць урачыстасці, прысвечаныя Дню Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

13 кастрычніка 2022 года ў 16.00 адбудзецца сход навуковай супольнасці, прысвечаны Дню Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У ім прымуць удзел акадэмікі, члены-карэспандэнты, кіраўнікі навуковых арганізацый Акадэміі навук, вядомыя вучоныя, моладзь. Лепшым даследчыкам НАН Беларусі будуць уручаны ўзнагароды. У гэты дзень у 10.00 (пр. Незалежнасці, 66, хол першага паверха будынка Прэзідыума НАН Беларусі) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Першай выставы-форуму ІТ-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі», якая будзе працаваць два дні. Напярэдадні Дня НАН Беларусі ва ўсіх арганізацыях праходзяць дні адчыненых дзвярэй, знакавыя мерапрыемствы і навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, прэзентацыі новых навуковых выданняў. У Дзень Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі госці змогуць пазнаёміцца з выставачнымі стэндамі, дзе будуць прадстаўлены фотакопіі дакументаў, якія адлюстроўваюць працэс утварэння Акадэміі навук.

Рашэнне Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 20 ліпеня 2022 года лічыць 13 кастрычніка Днём НАН Беларусі не выпадковае. Іменна 13 кастрычніка 1928 года, як паказалі апошнія вынікі навуковых даследаванняў вучоных Інстытута гісторыі і выяўленыя раней невядомыя архіўныя дакументальныя матэрыялы, была прынята Пастанова Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў БССР аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. А ўжо 14 кастрычніка 1928 года Пастанова ЦВК і СНК БССР была апублікавана ў цэнтральных газетах Беларусі. У снежні 1928 г. Саўнаркам БССР зацвердзіў Прэзідыум Беларускай акадэміі навук. Таксама быў зацверджаны Статут Беларускай акадэміі навук і першы склад яе акадэмікаў. 1 студзеня 1929 г., у дзень 10-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай ССР і Кампартыі Беларусіі, у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускай акадэміі навук.

Тэгi
#сход