2 лістапада 2022 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-прэзентацыя «Літаратура і гістарычная памяць народа».
Прадстаўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прэзентавалі новыя выданні да Года гістарычнай памяці. У мерапрыемстве ў якасці спікераў прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі: дырэктар Іван Саверчанка, Людміла Іконнікава - вучоны сакратар і навуковы супрацоўнік Наталля Бахановіч. Удзельнікі прэс-мерапрыемства прадставілі шэраг новых кніг, прысвечаных Году гістарычнай памяці, расказалі пра работу над выданнямі і падзяліліся навуковымі планамі на будучыню.
Дырэктар Інстытута Іван Саверчанка прадставіў некалькі выданняў ўласнага аўтарства. Гэта - кнігі «Вартавыя Айчыны: князі і магнаты беларускай зямлі», «Рыцары Белай Русі», якая таксама выйшла сёлета, і кніга «Магія слова», у якой прадстаўлены творчыя партрэты амаль 30 пісьменнікаў даўніх часоў.
Акрамя мастацкай літаратуры Інстытут таксама выпускае навуковыя выданні. Сярод іх -«Беларуская літаратура і літаратуразнаўства». «Гэты твор будзе карысны шырокаму колу чытачоў, а не толькі прадстаўнікам навукі», - упэўненая вучоны сакратар Інстытута літаратуразнаўства Людміла Іконнікава.
Акрамя гэтага, на прэзентацыі была прадэманстравана кніга «Абліччы іншага ў шматмоўнай літаратуры Беларусі 19 стагоддзя» аўтарства навуковага супрацоўніка Інстытута Наталлі Бахановіч. У гэтым выданні разглядаюцца ўяўленні беларусаў таго часу пра іншыя народы, краіны, канфесіі. У цэнтры ўвагі знаходзяцца як блізкія этнасы (палякі, рускія, украінцы), так і аддаленыя або няроднасныя (яўрэі, немцы, французы і інш.).