У НАН Беларусі створаны кластар «Навукова-вытворчая карпарацыя «Белкосмас».
Такое рашэнне прынята сёння, 15 лістапада 2022 года, на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі. Зацверджана Палажэнне аб кластары «Навукова-вытворчая карпарацыя «Белкосмас». Кіраўнік кластара - Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў.
Карпарацыя «Белкосмас» створана для рэалізацыі і развіцця перспектыўных (кластарных) праектаў яе ўдзельнікаў у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.
У склад кластара ўваходзяць арганізацыі НАН Беларусі: ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі», УП «Геаінфармацыйныя сістэмы», ДП «НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» НАН Беларусі, а таксама арганізацыі, з якімі НАН Беларусі ажыццяўляе супрацоўніцтва. Гэта - кітайска-беларускае сумеснае закрытае акцыянернае таварыства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы», таварыства з абмежаванай адказнасцю «КБ Беспілотныя верталёты». Галаўной арганізацыяй кластара з’яўляецца ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі».
Сярод задач, якія будзе вырашаць навукова-вытворчая карпарацыя «Белкосмас»: выпрацоўка палітыкі і стратэгіі развіцця Рэспублікі Беларусь у касмічнай сферы дзейнасці; распрацоўка прапаноў па фарміраванні праграм (Саюзнай дзяржавы, СНД, ЕАЭС), дзяржаўных праграм і праектаў у касмічнай сферы, а таксама комплексу мер па іх рэалізацыі; правядзенне фундаментальных навуковых даследаванняў у касмічнай сферы; ажыццяўленне навукова-даследчай дзейнасці ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах; распрацоўка ўдзельнікамі новай канкурэнтаздольнай аэракасмічнай тэхнікі.
Карпарацыя «Белкосмас» будзе таксама садзейнічаць эфектыўнай рэалізацыі праектаў, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі (работ, паслуг) удзельнікаў карпарацыі «Белкосмас»; забяспечваць метадычную, інфармацыйна-кансультацыйную, навуковую і адукацыйную падтрымку функцыянавання карпарацыі «Белкосмас»; садзейнічаць укараненню распрацовак удзельнікаў карпарацыі «Белкосмас», у тым ліку перспектыўных вытворчых, інжынірынгавых і кіраўніцкіх тэхналогій, найноўшага абсталявання, у галіне эканомікі, і павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння навукі і вытворчасці; развіваць механізмы камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці ўдзельнікаў карпарацыі «Белкосмас»; рэалізоўваць перспектыўныя формы міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і г. д.
Каардынацыя дзейнасці па выкананні пастановы Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ўскладзена на агенцтва па касмічнай дзейнасці НАН Беларусі.