Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.12.2022

У Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар акадэміка Анатоля Гардзіенкі

У Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар вядомага вучонага ў галіне тэхналогіі матэрыялаў, акадэміка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоля Гардзіенкі, якому 18 снежня споўніўся б 81 год.

Анатоль Гардзіенка нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Локці Ніжне-Омскага раёна. Пасля заканчэння БДУ ў 1964 годзе малады спецыяліст уладкаваўся на працу ў Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі. Тут ён прайшоў усе прыступкі навуковай кар’ернай лесвіцы ад інжынера да дырэктара навуковай установы, якой кіраваў з 2002 па 2016 год. Анатоль Іларыёнавіч - аўтар больш як 360 навуковых прац, у тым ліку 11 манаграфій, 61 аўтарскага пасведчання і патэнта.

Ушанаваць ягоную памяць прыйшлі калегі, сябры і сваякі. У гэты дзень у адрас вучонага прагучала шмат цёплых слоў. Як адзначыў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, - «Усе тут прысутныя ведалі Анатоля Іларыёнавіча асабіста, мы яго памятаем, здаецца, толькі зусім нядаўна размаўлялі. Ён выгадаваў пляяду вучняў, многае зрабіў у навуцы».