Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.01.2023

Вышэйшая атэстацыйная камісія падвяла вынікі штогадовага конкурсу на найлепшую доктарскую і кандыдацкую дысертацыі. У ліку пераможцаў – вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Так, сярод аўтараў найлепшых доктарскіх дысертацый у намінацыі «тэхнічныя, ваенныя навукі і архітэктура» адзначана работа Юрыя Міхайлавіча Крывагуза, загадчыка сектара дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (дысертацыя «Навуковыя прынцыпы стварэння машынабудаўнічых матэрыялаў на базе канструкцыйных тэрмапластаў і мадыфікаваных поліалефінаў»).

У намінацыі «ветэрынарныя і сельскагаспадарчыя навукі» найлепшай стала доктарская дысертацыя Ядвігі Эдвардаўны Пілюк, загадчыка аддзела НПЦ НАН Беларусі па земляробстве (дысертацыя «Навуковыя асновы селекцыі і тэхналогіі вырошчвання рапсу (Brаssica nаpus oleifera Metzg.) у Беларусі»).

Адной з пераможцаў конкурсу на найлепшую кандыдацкую дысертацыю ў намінацыі «прыродазнаўчыя навукі» стала Таццяна Уладзіміраўна Цыбрук (Шкель), старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі (дысертацыя «Ліганд-злучальныя ўласцівасці і бялок-бялковыя ўзаемадзеянні CYP51 чалавека і азол-рэзістэнтных штамаў грыбоў роду Candida»;

Віншуем пераможцаў конкурсу і жадаем новых поспехаў на ніве навукі!

Паводле інфармацыі vak.gov.by