Прэзідыум НАН Беларусі 13 студзеня 2023 года зацвердзіў вынікі конкурсу «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2022», праведзенага Камісіяй экспертаў, і прыняў рашэнне прысвоіць званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2022» загадчыку кафедры інфекцыйных хвароб установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» доктару медыцынскіх навук, прафесару, члену-карэспандэнту Карпаву Ігару Аляксандравічу.
Высокага звання вучоны ўдастоены за значны асабісты ўклад у развіццё навуковых даследаванняў у галіне клінічнай медыцыны, распрацоўку і ўкараненне інавацыйных метадаў дыягностыкі і лячэння інфекцыйных захворванняў, дасягненні ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
Ігар Аляксандравіч Карпаў — вядомы вучоны ў галіне вірусных і бактэрыяльных інфекцый, іх дыягностыкі і этыятропнай тэрапіі. Асноўныя навуковыя працы фундаментальнага і прыкладнога характару прысвечаны вывучэнню клінічных асаблівасцей актуальных інфекцыйных захворванняў, распрацоўцы і ўкараненню ў практыку новых аптымальных падыходаў пры лячэнні ВІЧ-інфекцыі, хранічнага віруснага гепатыту, грыпу, COVID-19, бактэрыяльнага і віруснага сепсісу, нейраінфекцый, назакаміяльных ускладненняў. Пад яго кіраўніцтвам вывучана этыялагічная структура ВІЧ і мадыфікаваная этыятропная тэрапія гэтага захворвання, упершыню ў СНД створана сістэма аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй на базе інфекцыйных стацыянараў. Атрыманы новыя даныя па структуры нейраінфекцый, устаноўлены новыя клінічныя формы праходжання захворванняў у Рэспубліцы Беларусь. Распрацаваны і ўключаны ў нацыянальныя пратаколы прынцыпы этыятропнай тэрапіі бактэрыяльных захворванняў, віруснага і бактэрыяльнага сепсісу, грыпу, COVID-19.
З'яўляецца намеснікам кіраўніка Рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групы па пераадоленні COVID-19 з 2020 г., актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні пасяджэнняў, неаднаразова прадстаўляў навуковыя даклады па актуальных пытаннях дыягностыкі і лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, прафілактыкі захворвання.
Ігар Аляксандравіч Карпаў — аўтар больш як 500 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 9 калектыўных выданняў, больш як 20 інструкцый па ўжыванні, 30 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходкі. Падрыхтаваў 3 дактароў і 9 кандыдатаў навук. Навуковы кансультант 3 доктарскіх і навуковы кіраўнік 3 кандыдацкіх дысертацый.
Карпаў — член Еўрапейскага таварыства клінічных мікрабіёлагаў і інфекцыйных хвароб, Міжнароднай арганізацыі па рацыянальным ужыванні антыбіётыкаў, Усходнееўрапейскай акадэміі па ВІЧ/СНІД, кіруючага камітэта па ВІЧ/СНІД EuroSIDA. Галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Старшыня Савета па абароне дысертацый Д 03.18.04 пры Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Член рэдакцыйнага савета 6 навуковых выданняў.
Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (2013), Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, НАН Беларусі, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», Нагрудным знакам адрознення імя У. М. Ігнатоўскага НАН Беларусі. Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (2017), Народны ўрач Рэспублікі Беларусь (2020).