Выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» пройдзе на базе Нацыянальнага выставачнага цэнтра БелЭкспа (Мінск, пр. Пераможцаў, 14) 20-22 студзеня.
Для наведвальнікаў вольны ўваход на выстаўку 21-22 студзеня 2023 года з 10.00 да 17.30. Мэта выстаўкі: дэманстрацыя найноўшых навуковых распрацовак беларускіх навукоўцаў і студэнтаў; прапаганда дасягненняў навукі, арыентаваная на шырокую аўдыторыю прадстаўнікоў усіх слаёў беларускага грамадства.
На выстаўцы свае дасягненні і распрацоўкі прадэманструюць навукоўцы НАН Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. На выстаўцы будзе прадстаўлена больш за 400 экспанатаў. Гэта — натурныя ўзоры (у тым ліку буйнагабарытная тэхніка), макеты, мультымедыйныя прэзентацыі на вялікіх экранах.
Экспазіцыя выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» будзе арганізавана па кластарным прынцыпе, які прадугледжвае аб’яднанне і лагічную сувязь буйных тэматычных блокаў, якія развіваюцца ў Беларусі і з’яўляюцца найбольш актуальнымі ў цяперашні час. У ліку кластараў: штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты, лятальныя апараты; абараназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора маладзёжных ініцыятыў.
Прадстаўленне экспанатаў будзе акцэнтавана на міждысцыплінарныя і міжгаліновыя ўзаемасувязі «навука – адукацыя – вытворчасць». Спецыяльны акцэнт будзе зроблены на распрацоўках моладзі, у тым ліку, прапанаваных у рамках праектаў «100 ідэй для Беларусі» і «100 інавацый маладых навукоўцаў» пад агульным слоганам «Прастора маладзёжных ініцыятыў». Наведвальнікі змогуць убачыць таксама экспазіцыю дасягненняў у галіне сацыягуманітарных навук — найноўшыя кніжныя выданні, археалагічныя артэфакты, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама распрацоўкі ў кантэксце Года гістарычнай памяці.
На думку арганізатараў выстаўкі, экспазіцыя задае агульную накіраванасць на бесперапыннае развіццё беларускай навукі, інтэнсіўнае ўзаемадзеянне навукі, адукацыі і вытворчасці, нарошчванне ўкаранення навуковых дасягненняў у рэальны сектар і сацыякультурную сферу, узмоцнены пазітыўны ўплыў на якасць жыцця і дабрабыт беларускага народа.
Выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» арганізавана ў мэтах выканання даручэння Главы дзяржавы, дадзенага ў ходзе рабочай сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі У. Р. Гусаковым 18 кастрычніка 2022 года.