5 лютага 2023 г. у 14:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта Інстытута філасофіі НАН Беларусі «Навука мастацтва і мастацтва навукі» пройдзе адкрыццё цыкла лекцый старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Беларусі Ірыны Дубянецкай на тэму «Этнафіласофія і беларускія культурныя коды». У цыкле лекцый гаворка пойдзе пра беларускую традыцыйную карціну свету, яе ўнутраныя сэнсы і сувязі, пра новую навуку – этнафіласофію, якая іх даследуе, (рэ)канструюе і інтэрпрэтуе.
Беларуская этнафіласофія працуе з традыцыйным светапоглядам беларусаў, адлюстраваным у шматлікіх фальклорных запісах, даследуе шматузроўневыя сістэмы сувязяў розных элементаў нацыянальнай культуры, разглядае беларускае светаўладкаванне ў яго ўнутранай логіцы, цэласнасці і шматмернасці, а таксама выяўляе арганічнасць сувязі беларускай і іншых культурных традыцый. Сучасныя этнафіласофскія даследаванні сістэматызуюць элементы беларускай карціны свету, якія адпавядаюць розным сферам жыцця і мыслення традыцыйнага грамадства, падзяляючы іх на некалькі ўстойлівых тэм.
Першая лекцыя з цыкла прысвечана тэме «Традыцыйны светапогляд беларусаў і этнафіласофія як самаадлюстраванне беларускай культуры».
Слухачам будзе прапанавана:
азнаёміцца з унікальным праектам Інстытута філасофіі «Беларуская этнафіласофія ў сістэме культуры», яго мэтамі і задачамі;
разгледзець асаблівасці гэтага падыходу, пазнаёміцца з тым, як этнафіласофія даследуе і сістэматызуе ўвесь комплекс уяўленняў аб свеце традыцыйнай супольнасці (у нашым выпадку беларускай), рэканструюе і асэнсоўвае духоўна-інтэлектуальную прастору беларусаў;
зірнуць на беларускую традыцыйную культуру ў часавым і прасторавым кантэксце, даведацца аб эстэтычнай і навуковай каштоўнасці беларускага фальклорнага матэрыялу, выявіць значэнне, месца і функцыі традыцыйнай культуры ў сучасным высокатэхналагічным свеце;
азнаёміцца з першымі пладамі акадэмічнага праекта этнафіласофскіх даследаванняў на прыкладзе кнігі Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца: беларуская народная філасофія / Т. В. Валодзіна [і інш.] ; уклад. і агул. рэд.: І. М. Дубянецкая, С. І. Санько ; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т філасофіі. Мінск: Беларуская навука, 2021. – 481 с.
Папярэдняя рэгістрацыя не патрабуецца. Наведванне лекцыі па ўваходным білеце ў галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па адрасе г. Мінск, вул. Леніна, 20.
Па любых пытаннях, што тычацца праекта, можна звяртацца да куратара — Даронінай Святланы Генадзіеўны па тэл: +375-25-978-90-74 або e-mail: svetadoris@mail.ru