Інстытут энергетыкі НАН Беларусі стаў лаўрэатам конкурсу «Лідары лічбавай эканомікі – 2022» у намінацыі «Сістэма аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў года» ў катэгорыі «Энергетыка». Прадукт: адзіная аўтаматызаваная сістэма збору і апрацоўкі інфармацыі аб спажыванні вады, цепла- і электраэнергіі ў арганізацыях НАН Беларусі.
«Лідары лічбавай эканомікі – 2022» — гэта незалежны прафесійны конкурс сярод распрацоўшчыкаў лічбавых прадуктаў і рашэнняў, а таксама прадпрыемстваў, якія ўкараняюць гэтыя рашэнні ў сваёй дзейнасці альбо ў бізнес-працэсах сваіх кліентаў.
Пераможцаў у конкурсе вызначае прафесійнае незалежнае журы, у якое ўваходзіць больш як 15 вядучых экспертаў і навукоўцаў, вядучых спецыялістаў Рэспублікі Беларусь у галіне лічбавізацыі і лічбавай трансфармацыі.
Конкурс «Лідары лічбавай эканомікі – 2022» праводзіцца пры падтрымцы Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кафедры лічбавых сістэм і тэхналогій Інстытута бізнесу БДУ, Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ, кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій БДУ, кафедры арганізацыі вытворчасці і эканомікі нерухомасці Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і шэрагу іншых экспертных арганізацый.