14 лютага 2023 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбыўся навукова-практычны семінар «Уклад жанчын-вучоных у развіццё навуковых ведаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня жанчын і дзяўчынак у навуцы, на якім абмеркавалі важнасць удзелу жанчын у вытворчасці навуковых ведаў у розных галінах айчыннай навукі.
З прывітальным словам перад удзельнікамі і ўдзельніцамі семінара выступіла старшыня першаснай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ю. В. Качурка, якая павіншавала з гэтай знамянальнай датай, абазначыла актуальнасць папулярызацыі ўкладу жанчын-вучоных і пажадала ўсім творчых поспехаў і новых навуковых адкрыццяў. Семінар быў адкрыты дакладам «Жанчыны-вучоныя акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі Рэспублікі Беларусь» навуковага супрацоўніка цэнтра маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі А. П. Салавей, у якім былі асветлены прадстаўленасць жанчын сярод даследчыкаў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у тым ліку сярод кандыдатаў і дактароў навук; дынаміка жанчын-даследчыкаў па галінах навук; доля жанчын сярод аспірантаў і дактарантаў у залежнасці ад аддзялення навук у НАН Беларусі. Па выніках сацыялагічных даследаванняў акцэнтавалася ўвага на матывацыі прыходу ў навуку маладых жанчын, прафесійнай самаідэнтыфікацыі жанчын-вучоных; значнасці для іх прафесійных, сямейных і грамадскіх каштоўнасных арыентацый, тыпалагічных групах жанчын-вучоных.
А. У. Праснякова, кіраўнік Цэнтра інавацыйнай і інвестыцыйнай палітыкі Інстытута эканомікі НАН Беларусі ў сваім дакладзе «Уклад жанчын-вучоных у эканамічную навуку» ў гістарычнай рэтраспектыве расказала аб значных дасягненнях жанчын у эканамічнай галіне, а таксама аб удзеле жанчын не толькі ў развіцці навуковых ведаў, але і іх грамадскай актыўнасці.
Калтовіч І. В., загадчыца сектара комплексных даследаванняў мясных прадуктаў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі, прадставіла асноўныя напрамкі дзейнасці Інстытута, уклад жанчын-вучоных у інавацыйныя распрацоўкі арганізацыі (3d-харчовы прынтынг і раслінныя аналагі прадуктаў, альтэрнатыўных мясным і малочным.). Яе калега Шакель Т. П., загадчыца харчовага інавацыйнага цэнтра, расказала пра распрацоўкі кісламалочнай прадукцыі. Была праведзена дэгустацыя 3d-мясных вырабаў і малочных прадуктаў, вырабленых з выкарыстаннем бактэрыяльных заквасак вытворчасці РУП Інстытут мяса-малочнай прамысловасці.
Гарлінская М. І., малодшы навуковы супрацоўнік сектара кандытарскай галіны аддзела тэхналогій кандытарскай і алейна-тлушчавай прадукцыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, якая прадставіла даклад на тэму «Уклад жанчын-вучоных НАН Беларусі ў развіццё харчовай галіны», расказала аб тым, што распачата засваенне пячэння, узбагачанага вітамінамі А, Е, D і кальцыем, для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту; праводзіцца выпуск мармеладу з калагенам і цукерак з канцэнтратам сыроватачных бялкоў, а таксама жэлейных цукерак з начынкамі з выкарыстаннем мадыфікаванага крухмалу з даданнем канцэнтраванага соку; праводзяцца навуковыя даследаванні па ўжыванні другасных сыравінных рэсурсаў у кандытарскай вытворчасці. Удзельнікам было прапанавана прадэгуставаць новыя віды пячэння і ацаніць іх якасці, запоўніўшы дэгустацыйныя лісты.
Да мерапрыемства Н. Р. Шабалінай, загадчыцай аддзела бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, была падрыхтавана выстаўка «Загадка Саламеі Пільштыновай з Русецкіх (1718 — пасля 1760)», прысвечаная першай жанчыне-лекару на тэрыторыі Усходняй Еўропы; таксама дэманстраваўся навукова-папулярны фільм «Саламея Русецкая. Авантуры майго жыцця».
Семінар выклікаў актыўны інтарэс, удзельнікі выказалі жаданне ў далейшым праводзіць навукова-практычныя мерапрыемствы для папулярызацыі ўкладу жанчын-вучоных у навуку.