Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.03.2023

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні ў 2023 годзе Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году міру і стваральнай працы

Рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году міру і стваральнай працы, заснаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў сувязі з аб’яўленнем у Рэспубліцы Беларусь 2023 года Годам міру і стваральнай працы згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 студзеня 2023 г. № 1. Конкурс праводзіцца з мэтай развіцця творчай актыўнасці і павышэння прэстыжу навуковай дзейнасці, прыцягнення моладзі ў навуку, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца творчыя людзі, навукоўцы, прадстаўнікі вышэйшай школы, настаўнікі, дзеячы культуры, аспіранты, магістранты, школьная і студэнцкая моладзь. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы ў складзе не больш за тры чалавекі.

Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: “Фізіка, матэматыка і інфарматыка – аснова развіцця тэхнікі і тэхналогій”; “Фізіка-тэхнічныя інавацыі – на карысць мірнай стваральнай працы”; “Хімія і прыродакарыстанне – для стваральнай працы і ўстойлівага развіцця дзяржавы”; “Біялагічная разнастайнасць і ўстойлівасць экасістэм”; “Медыцынская навука – чалавеку”; “Гуманітарныя навукі – Году міру і стваральнай працы”; “Навуковы патэнцыял аграрнай навукі – аснова стваральнай працы на зямлі”.

У кожнай з намінацый Конкурс праводзіцца па трох катэгорыях: катэгорыя 1 — вучоныя акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, настаўнікі, творчыя людзі (старэйшыя за 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2023 г.); катэгорыя 2 — магістранты, аспіранты, маладыя навукоўцы (да 35 гадоў па стане на 1 студзеня 2023 г.); катэгорыя 3 — школьнікі і студэнты. У кожнай з катэгорый уручаюцца дыпломы I, II і III ступені.

На Конкурс прадстаўляюцца вынікі даследаванняў, апублікаваныя ў форме манаграфіі (манаграфій) або артыкулаў (цыкла артыкулаў) у навуковых і навукова-папулярных выданнях, распрацоўкі, якія валодаюць канкурэнтаздольнасцю, эфектыўнасцю, сацыяльна-эканамічнай значнасцю, а таксама макеты, узоры, навуковыя даклады, прэзентацыі, публіцыстычныя артыкулы, эсэ, музычныя і мастацкія творы, творы прозы і паэзіі.

Умовы конкурсу, патрабаванні да работ і ўдзельнікаў, парадак разгляду работ і іншыя пытанні арганізацыі і правядзення конкурсу выкладзены ў Палажэнні аб рэспубліканскім конкурсе творчых работ, прысвечаным Году міру і стваральнай працы, зацверджаным Пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 28 лютага 2023 г. № 74, з якім можна азнаёміцца па спасылцы.

Матэрыялы вылучэння работ на конкурс, аформленыя згодна з Палажэннем, накіроўваюцца ў адным экзэмпляры да 1 кастрычніка 2023 г. у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, пр. Незалежнасці, д. 66.

Заяўка на ўдзел у конкурсе, аформленая згодна з устаноўленай формай, дадаткова накіроўваецца на электронны адрас alla@presidium.bas-net.by.

Тэлефоны для даведак: (017) 275-24-56, (017) 358-28-26.