22 сакавіка 2023 года дэлегацыя вучоных НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым ушанавала памяць ахвяр трагедыі і ўсклала кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе Хатынь. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі НАН Беларусі, навуковых і грамадскіх арганізацый, маладыя навукоўцы.
Як адзначыў на цырымоніі Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, сёння дзень агульнанацыянальнага смутку. “Беларусь — краіна, якая найбольш пацярпела ад вайны, прыняла на сябе першы ўдар. Афіцыйна краіна страціла больш за 50 % нацыянальнага багацця. Але фактычна была разбурана ўся народная гаспадарка, прамысловасць, сельская гаспадарка, іншыя галіны. І самае трагічнае — загінула больш за тры мільёны чалавек”, — сказаў Уладзімір Гусакоў.
Па словах Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, у Беларусі працавала часовая група па ўдакладненні ахвяр генацыду, страт у Вялікай Айчыннай вайне. “І апошнія звесткі паказваюць, што гэта больш за тры мільёны чалавек. Уся наша краіна — гэта магілы і помнікі закатаваным, расстраляным, спаленым. Мы гэтую гісторыю павінны абавязкова памятаць і расказваць пра гэта моладзі — што мы не перапісвалі, не фальсіфікавалі гісторыю, мы адстойвалі праўду. А праўда — гэта наша незалежнасць. Гэта будучыня”, — падсумаваў Уладзімір Гусакоў.
У Год міру і стваральнай працы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі працягне весці актыўную работу па вывучэнні гістарычных фактаў тэмы Вялікай Айчыннай вайны, ушанаванні памяці ахвяр генацыду на беларускай зямлі, выкрыцці вінаватых у масавым генацыдзе, беражлівым захаванні памяці аб тых страшных падзеях.