Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.04.2023

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Работа дзяржаўных органаў па развіцці “зялёнай” эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь»

13 красавіка 2023 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Работа дзяржаўных органаў па развіцці “зялёнай” эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь».

У якасці спікераў ад НАН Беларусі выступілі генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксандр Чайкоўскі і дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Дзмітрый Грумо. На прэс-канферэнцыі ўдзельнікі асвятлілі пытанні ўкаранення прынцыпаў устойлівага спажывання і вытворчасці, захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці краіны, навуковага забеспячэння пераходу да «зялёнай» эканомікі.

Як расказаў Аляксандр Чайкоўскі: «Беларусь з’яўляецца краінай, якая падпісала шэраг міжнародных дагавораў і канвенцый, якія датычацца ў тым ліку і аховы біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. Прыярытэтныя напрамкі вызначаны ў Нацыянальнай стратэгіі і ў Плане дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці Рэспублікі Беларусь. Цэлы шэраг арганізацый Акадэміі навук з’яўляецца адказнымі выканаўцамі значных мерапрыемстваў гэтага Плана дзеянняў».

Дзмітрый Грумо адзначыў, што арганізацыі НАН Беларусі займаюцца ў тым ліку перспектыўнымі, пілотнымі праектамі ў галіне развіцця электратранспарту, рэалізацыі канцэпцыі разумных гарадоў, павышэння выкарыстання аднаўляльных крыніц. Вялікая ўвага надаецца вытворчасці арганічнай прадукцыі і развіццю сельскай гаспадаркі, развіццю лічбавага земляробства. Дзмітрый Генадзьевіч таксама заявіў аб тым, што ў кожнага ёсць магчымасць паўплываць ці паўдзельнічаць у рэалізацыі «зялёнай» эканомікі: «У нас набліжаюцца вялікія святы, якія заўсёды звязаныя з тым, што мы ідзём на могілкі, упрыгожваем іх штучнымі кветкамі. У нас у год вывозіцца каля аднаго мільёна штучных кветак: ад 100 да 500 гадоў адбываецца іх раскладанне, спальваем — гэта дыяксіны, іншыя палютанты. Я заклікаю ўсіх усё ж такі несці жывыя кветкі на могілкі, разводзіць мнагалетнікі, карлікавыя хмызнякі для таго, каб гэтая праблема штучных адходаў, штучных кветак зніжалася і мінімізавалася». У прэс-канферэнцыі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства эканомікі і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.