21 красавіка 2023 года месцам прыцягнення ўсіх, хто захоплены навукай, хто любіць чытаць і адкрываць для сябе нешта новае і нязведанае, стане «Тэрыторыя навукі». Так называецца праграма Бібліяночы-2023 Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.
З 19:00 да 23:00 гасцей бібліятэкі чакае цікавая і насычаная праграма. На лекцыйных пляцоўках можна будзе здзейсніць займальнае падарожжа ў далёкае мінулае і вывучыць экспанаты археолага-антрапалагічнай выстаўкі «Скура ды косткі», адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі мікрасвету і каталізатараў, а таксама дакрануцца да таямніц хімічных з’яў.
Чапаць рукамі не толькі не забараняецца, а вельмі нават дазваляецца... экспанаты інтэрактыўнай выстаўкі музея займальных навук «ЭКСПІРЫмЕНтуС»! Дзіўную калекцыю галаваломак з усяго свету высока ацэняць аматары інтэлектуальнага вольнага часу.
На «Тэрыторыі навукі» не будзе цесна цэлай «Аграсядзібе» Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі. Тут можна пагаварыць з пчалярамі, выпіць гаючы вітамінавы чай і даведацца шмат новага пра экалогію і здароўе, а пры жаданні — захапіць кніжку з «Літаратурнага чамаданчыка».
Адкрыць не толькі свет вакол, але таксама свой унутраны свет і новыя магчымасці, дапаможа інтэрактыўная камунікатыўная гульня-падарожжа разам з псіхолагам-трэнерам.
Падчас вячэрняга праменаду разам з камандай БДУКМ зазірнём у літаратурна-музычны салон, дзе галасамі артыстаў-пачаткоўцаў загучаць найлепшыя творы класікаў пад гукі чароўнай флейты.
Уявіць Бібліяноч без яе галоўных атрыбутаў — кніг — немагчыма! Чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў запрашае здзейсніць самае сапраўднае «Падарожжа па старонках мінулага»: ад Шэдэля (1493) да літаратурных прыгод першай чвэрці ХХ стагоддзя! З чаго пачаць генеалагічнае расследаванне, па якіх падручніках вучыліся дзеці з княжацкага роду Радзівілаў, хто вынайшаў шматступенную ракету ў далёкім XVII стагоддзі? На гэтыя і іншыя пытанні нашы госці знойдуць адказы на інтэрактыўнай выстаўцы для сапраўдных кніжных гурманаў!
Прайсці займальны квэст можна, наведаўшы інтэрактыўную кніжную выстаўку «Беларусь запрашае!», прысвечаную нашаму краю.
Праграма Бібліяночы ў ЦНБ НАН Беларусі парадуе і нашых юных наведвальнікаў. На «Тэрыторыі навукі» адкрыецца арт-лабараторыя і літаратурныя забаўляльныя пляцоўкі з інтэлектуальнымі гульнямі і конкурсамі для дзяцей.
У ходзе ўсёй ночы будзе працаваць крэатыўная фотазона, дзе можна будзе захаваць памятныя імгненні.
Выдатны настрой гасцям створаць: ансамбль «Грамніцы», музычны калектыў «Гурба», Ганна Бесан і іншыя ўдзельнікі.
Будзем рады сустрэчы з нашымі гасцямі!
На «Тэрыторыю навукі» ўваход вольны.
Сурганава, 15, ст. м. «Акадэмія навук», Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі