Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.05.2023

17–19 мая ў Інстытуце гісторыі падвядуць вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі

17–19 мая 2023 г. на базе Інстытута гісторыі НАН Беларусі, археалагічнага комплексу на р. Менка (в. Гарадзішча) і Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту (в. Азярцо) адбудзецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 2022 г.». Гэта традыцыйнае штогадовае навуковае мерапрыемства, на якім падводзіцца вынік дасягненняў і адкрыццяў беларускіх археолагаў, якія былі ажыццёўлены ў мінулым палявым сезоне.

17 мая 2023 г. у 9.30 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбудзецца пленарнае пасяджэнне, дзе будуць прадстаўлены праграмныя даклады вядучых беларускіх і расійскіх спецыялістаў. У 14.00 пачнецца выязное пасяджэнне ў Гарадзішчы, дзе размешчаны найважнейшы археалагічны комплекс на р. Менка, які атаясамліваецца навукоўцамі з летапісным Мінскам. Будуць заслуханы выступленні з дакладамі, абмеркаваны найбліжэйшыя планы даследаванняў на Палявы сезон 2023 г., арганізавана археалагічная выстаўка артэфактаў. З мэтай маніторынгу стану захаванасці гэтага ўнікальнага помніка археалогіі будзе праведзена яго абследаванне. Запланавана таксама наведванне археалагічнай выстаўкі ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту ў в. Азярцо, а таксама азнаямленне з унікальнай драўлянай архітэктурай першага ў Беларусі музея-скансена.

18 і 19 мая 2023 г. пройдуць секцыйныя пасяджэнні на базе Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Запланавана 68 навуковых дакладаў, у якіх будзе закранацца праблематыка як выратавальных археалагічных работ, так і метадаў фіксацыі і інтэрпрэтацыі археалагічных аб’ектаў ад першабытнасці да Найноўшага часу, асаблівасцей правядзення выратавальных археалагічных даследаванняў.