Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.05.2023

18-19 мая ў НАН Беларусі пройдзе III Міжнародны Форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі

18-19 мая 2023 года Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць III Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі.

У форуме прымуць удзел навукоўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Абхазіі. У праграме — пленарнае пасяджэнне і работа секцый Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Народная казачная проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя», выступленні казачнікаў старэйшага пакалення і пераможцаў дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай народнай казкі, круглыя сталы «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай» і «Беларуская міфалогія: ад аўтэнтыкі да містыфікацый», выстаўкі тэматычных публікацый і ілюстрацый да зборнікаў казак.

18 мая ў 9:30 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15) адбудзецца адкрыццё III Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі і пленарнае пасяджэнне. З 9.00 будуць дэманстравацца выстаўкі ілюстрацый па матывах народных казак, мастацкіх праектаў-пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, кніжных выданняў. Перад наведвальнікамі выступіць музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Пасяджэнні секцый будуць праходзіць з 14: 00 па адрасе: вул. Сурганава, д. 1, к. 2. Пройдуць секцыі «Стан і асаблівасці казачнай традыцыі ў сучасным грамадстве. Казка і міфалогія ў дыскурсе нацыянальнай ідэнтычнасці»; «Паэтыка і сістэма вобразаў народнай казкі. Казачныя сюжэты і матывы ў літаратуры»; «Літаратурная казка, яе развіццё, трансфармацыя, узаемадзеянне з фальклорам»; «Інтэрпрэтацыя народнай казкі і міфа ў выяўленчым, тэатральным, музычным, экранным мастацтве і медыяпрасторы». Паралельна адбудзецца адкрыты круглы стол «Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай».

19 мая з 9:00 да 11:30 (па адрасе Сурганава, д. 1, к. 2 у аўд. 302) пройдзе круглы стол «Беларуская міфалогія: ад аўтэнтыкі да містыфікацый», а ў 12:00 там жа пачнецца паказ і абмеркаванне беларускіх анімацыйных фільмаў-казак. Паралельна з 12 да 13 гадзін пройдуць майстар-класы па рамёствах: набіванцы і вырабе птушачак з саломкі.
У 14: 00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (Сурганава, 15) адбудуцца выступленні майстроў казачнага жанру і падвядзенне вынікаў дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай народнай казкі. Выступяць пастаянныя госці Глухатарэнка Людміла Фёдараўна (в. Санюкі, Ельскі р-н), Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч (в. Судзілы, Клімавіцкі р-н), Рэзкіна Лілія Пятроўна (г. Віцебск), а таксама апавядальнікі-легенды Кацярына Аляксееўна Панчэня з в. Пласток Жыткавіцкага р-на і Іван Філіпавіч Супрунчык з в. Цераблічы Столінскага раёна.

Даведачна: у рамках Форуму прайшоў дзіцячы конкурс выканаўцаў беларускай казкі для ўдзельнікаў да 17 гадоў. Дзецям трэба было зняцца ў роліку, у якім удзельнік расказвае беларускую народную казку, і выкласці ролік у сацыяльныя сеткі (TikTok, Instagram, Facebook, YouTube і інш.) з адпаведнымі хэштэгамі. Экспертнае журы падвяло вынікі конкурсу і вызначыла пераможцаў. У ходзе форуму будуць прадстаўлены таксама найлепшыя відэаролікі, а пераможцаў і ўдзельнікаў чакаюць прызы ад партнёраў Форуму – кампаніі «Белдзяржстрах» і Мінскага гадзіннікавага завода «Луч», выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Кантакты: 8(017) 2701803, 8029 1447899, belarusianfolklore@gmail.com.
Тэгi
#форумы