Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.08.2023

Візіт дэлегацыі Універсітэта Цынхай Міньцзу

24 жніўня адбылася сустрэча прадстаўнікоў кіраўніцтва арганізацый НАН Беларусі з дэлегацыяй Універсітэта Цынхай Міньцзу.

З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва апарату НАН Беларусі У. В. Падкапаеў, дырэктар ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» А. І. Лакотка, дырэктар ДНУ «Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі» М. Л. Мыслівец, намеснік дырэктара ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі» Ж. М. Калацкая, сакратар Вучонага савета ДУА «Універсітэт НАН Беларусі» А. В. Калінін. З кітайскага боку — дэкан аспірантуры Універсітэта Цынхай Міньцзу Чжан Хайюнь, намеснік дэкана факультэта этналогіі і сацыялогіі Універсітэта Цынхай Міньцзу Цзя Вэй, выкладчык Каледжа літаратуры і журналістыкі Універсітэта Цынхай Міньцзу Тан Сін і выкладчык Каледжа мастацтваў Універсітэта Цынхай Міньцзу Е Цюн. Бакі зрабілі прэзентацыі аб НАН Беларусі і Універсітэце Цынхай Міньцзу, а таксама арганізацый, якія ўваходзяць у іх структуру. З улікам спецыфікі дзейнасці названага Універсітэта ў якасці перспектыўных сфер развіцця супрацоўніцтва былі прапанаваны наступныя напрамкі: ахова, выкарыстанне і захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны; рэалізацыя на ўзаемавыгадных умовах мерапрыемстваў па арганізацыі навуковага экалагічнага турызму і распрацоўка мер па ўстойлівым развіцці рэкрэацыйнай дзейнасці; вывучэнне структуры, функцый і актыўных рэчываў у характэрных біялагічных рэсурсах Цынхай-Тыбецкага плато, стварэнне эфектыўных субстанцый з беларускіх і кітайскіх раслін. У якасці магчымых мер для прапрацоўкі на пачатковым этапе былі вызначаны: навучанне кітайскіх грамадзян у магістратуры Універсітэта НАН Беларусі, запрашэнне кітайскіх навукоўцаў для навучання ў аспірантуры і дактарантуры на базе арганізацый НАН Беларусі, адкрыццё сумеснага беларуска-кітайскага факультэта з Універсітэтам Цынхай Міньцзу, стварэнне сумеснага цэнтра па вывучэнні актуальных праблем мастацтвазнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі, мовы і літаратуры з удзелам ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» і Універсітэта Цынхай Міньцзу, арганізацыя сумесных параўнальных сацыялагічных даследаванняў па тэматыцы «Моладзь РБ і КНР: стаўленне да мінулага, сучаснасці і бачанне будучыні», выкананне сумесных даследаванняў у рамках праектаў рознага ўзроўню ў галіне распрацоўкі і вытворчасці фітапрэпаратаў рознага прызначэння. Бакамі адзначана важнасць супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Універсітэтам Цынхай Міньцзу па ўказаных напрамках у кантэксце рэалізацыі канцэпцыі «Адзін пояс, адзін шлях», у сувязі з чым кітайскі бок абавязаўся ў найбліжэйшы час прапрацаваць магчымыя механізмы фінансавання сумеснай дзейнасці з акумуляваных у КНР на мерапрыемствы ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» фондаў. Бакі дамовіліся аформіць прынятыя на сустрэчы рашэнні шляхам падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Універсітэтам Цынхай Міньцзу і арганізацыямі НАН Беларусі.

Універсітэт Цынхай Міньцзу быў заснаваны ў снежні 1949 года. Універсітэт Цынхай Міньцзу мае 15 факультэтаў, 5 непасрэдна падначаленых навучальных кафедраў, 23 навучальныя і навукова-даследчыя інстытуты, 75 цэнтраў для падрыхтоўкі магістраў, навучанне праходзіць па 53 спецыяльнасцях бакалаўрыяту. Асноўнымі сферамі падрыхтоўкі спецыялістаў з’яўляюцца літаратура, права, эканоміка, кіраванне, адукацыя, культура.